Мінгарвыканкам не дазволіў незалежным прафсаюзам правесці мітынг на 1 траўня
Мінгарвыканкам не дазволіў незалежным прафсаюзам правесці 1 траўня мітынг у парку Дружбы народаў, піша TUT.by са спасылкай на Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.
Чыноўнікі назвалі наступныя прычыны адмовы: парушэнне тэрмінаў падачы заяўкі, COVID-19, адсутнасць дакументаў пра заключэннеі дамоваў на ахову, медабслугоўванне і прыборку тэрыторыі.
У Мінгарвыканкаме заяўляюць, што заяўка была зарэгістраваная 19 красавіка — гэта менш як 15 дзён да правядзення акцыі. У Беларускім Кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў кажуць, што заяўка на правядзенне мітынгу была адпраўленая па электроннай пошце 16 красавіка.
Таксама чыноўнікі спасылаюцца, што БКДП указаў "арганізацыю і правядзенне не толькі мітынгу, але і дэманстрацыі, г. зн. двух масавых мерапрыемстваў".
Дарэчы, у 2017 і 2019 гадах Мінгарвыканкам таксама не дазваляў БКДП праводзіць акцыі на Першамай, а ў 2018-м дазволіў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.