Міністэрства аховы здароўя просіць вытворцаў лекаў знізіць цэны на прэпараты
Улады шукаюць спосабы спыніць рост коштаў на лекі / TUT.BY
Міністэрства аховы здароўя вядзе перамовы з вытворцамі лекавых прэпаратаў аб зніжэнні адпускных коштаў, распавялі ў ведамстве.
Паводле слоў намесніка міністра аховы здароўя Дзмітрыя Чараднічэнкі, канчатковы кошт лекаў ў аптэцы ў большай ступені залежыць ад цаны вытворцы. Доля вытворцы ў рознічнай цане складае ад 72% да 97%. Таму спецыялісты Міністэрства аховы здароўя і ўступілі ў перамовы з вытворцамі прэпаратаў.
Ёсць і першыя вынікі: са слоў Чараднічэнкі, прадстаўніцтва нямецкай кампаніі Bayer AG пагадзілася з сакавіка знізіць кантрактныя кошты для Беларусі на адзін са сваіх прэпаратаў Ксарэлта — гэта антыкаагулянт, які ўжываецца для прафілактыкі інсультаў і трамбозаў.
Па словах прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя, вытворца пагадзіўся знізіць адпускныя кошты "на Ксарелто 10 мг №30 — на 35%; Ксарелто 2,5 мг №56 — на 25%".
У Міністэрстве аховы здароўя таксама распавялі, што "Белфармацыя" прыняла пастанову аб рэалізацыі сваёй прадукцыі, якая заставалася ў аптэках, па старым коштам, сфармаваным да 1 студзеня 2021 года.
Акрамя таго, стрымліваць рост коштаў на лекі таксама плануецца праз памяншэнне гандлёвай і аптовай надбавак.
Напярэдадні тэму росту цэн на лекі абмяркоўвалі ў Аляксандра Лукашэнкі. З дакладам у яго быў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў. Лукашэнка даручыў яму "прывесці ў пачуццё" прыватныя аптэкі. Увечары ў эфіры Беларускага тэлебачання Герасімаў анансаваў увядзенне новых мер па абмежаванні цэн на прэпараты.
Цэны на лекі пачалі расці пасля таго, як з новага года ў Беларусі быў уведзены ПДВ у памеры 10% на пастаўкі лекаў і медыкаментаў. Раней гэта прадукцыя не абкладалася ПДВ. Маніторынг аптэк, які КДК правёў у лютым, паказаў, што кошты на лекі выраслі паўсюдна — і ў прыватных, і ў дзяржаўных аптэках.
Каб затармазіць працэс росту коштаў, Саўмін прыняў пастанову "Аб часовых мерах па стабілізацыі цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці", і замарозіў цэны ў тым ліку на шэраг лекаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.