Міністэрства культуры “завярнула” праект паркоўкі за “брамай Мінска”
Міністэрства культуры не ўзгадніла горадабудаўнічы праект у межах мінскіх вуліц Кірава — Свярдлова — Ульянаўская — Бабруйская. Паводле праекта, за “брамай Мінска” збіраліся збудаваць падземны паркінг, а таксама адрамантаваць будынак па Свярдлова, 24А і зрабіць там малодшыя класы гімназіі.
Пра адмову Мінкульта ў такім праекце Еўрарадыё паведаміў каардынатар кампаніі “Генплан для мінчан” Дзяніс Кобрусеў.
Кобрусеў: “У праекце жыхароў усё задавальняла, апроч падземнага паркінгу, які збіраліся зрабіць у цэнтры двара. Гэта супярэчыла зонам аховы гістарычных будынкаў і санітарна-гігіенічным нормам. Міністэрства культуры на запыт жыхароў даслала адказ, што яно не дазваляе такі праект”.
Таксама чыноўнікі Мінкульта накіравалі ліст уладам Мінска аб тым, што нельга выносіць на грамадскае абмеркаванне праект, не ўзгоднены з міністэрствам.
Цяпер праект дэтальнага планавання за “брамай Мінска” мусіць быць перароблены.