Міністр абароны абверг, што ў войску праводзілася "закрытае апытанне" афіцэраў

Міністр абароны абверг, што ў войску праводзілася "закрытае апытанне" афіцэраў

2 снежня на сайце Міністэрства абароны Беларусі з'явіўся адказ міністра абароны генерал-лейтэнанта Андрэя Раўкова на зварот Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу (Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Вячаслава Сіўчыка ды іншых). Апазіцыянеры адрэагавалі на словы расійскага палітолага, доктара гістарычных навук Валерыя Салаўя, які ў інтэрв'ю Еўрарадыё сказаў, што было праведзена закрытае апытанне афіцэраў беларускай арміі і 70-80% з іх "хацелі б не фармальнага, а фактычнага аб’яднання Расіі і Беларусі". Статкевіч і іншыя запыталіся ў Раўкова, ці сапраўды праводзілася такое і апытанне і "калі гэтыя звесткі праўдзівыя, дык выходзіць, што большасць афіцэраў беларускага войска прытрымліваецца антыдзяржаўных поглядаў, жадае ліквідацыі незалежнасці нашай краіны". Яны пацікавіліся, як праходзіць патрыятычнае выхаванне афіцэраў беларускага войска.

Міністр абароны адказаў, што "інфармацыя аб правядзенні сярод афіцэраў беларускай арміі апытання на тэму аб’яднання Беларусі і Расіі з'яўляецца вымыслам". Андрэй Раўкоў адзначыў, што "падобныя апытанні супярэчаць нацыянальным інтарэсам краіны і ніколі ва Узброеных Сілах не праводзіліся".

Таксама Раўкоў запэўніў, што "афіцэрскі корпус адданы Беларусі і гатоў абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу ў любых умовах абстаноўкі". Цалкам адказ, які, дарэчы, напісаны на беларускай мове, можна пабачыць тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі