Міністр аховы здароўя — пра трэцюю хвалю COVID-19 у Беларусі
Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч выказаўся пра трэцюю хвалю COVID-19 у Беларусі. На выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя ён заявіў, што "трэці перыяд уздыму будзе менш інтэнсіўны". Паводле яго слоў, "многае будзе залежаць ад заносу новых штамаў, ступені ахопу вакцынацыяй кантынгентаў".
А пакуль, кажа Піневіч, "барацьба з пандэміяй яшчэ далёкая да завяршэння". "Мы знаходзімся на другой хвалі з тэндэнцыяй да зніжэння паказчыкаў захворвання ва ўсіх рэгіёнах", — заявіў міністр.
На калегіі было агучана, што ў нашай краіне прышчэплены амаль 25 тысяч чалавек.
У сераду Мінаховы здароўя агучыла новую статыстыку па сітуацыі з каранавірусам. З яе вынікае, што за суткі дадалося 1279 чалавек, якія заразіліся, а агулам такіх за ўвесь перыяд 281 707. Ачунялі 1444 чалавек, агулам — 271 733. За суткі дадалося яшчэ 9 ахвяр (такую лічбу называюць 11 дзён запар), памерлых ужо 1939. Зроблена 4,8 млн тэстаў на каранавірус (+17,8 тысячы за апошнія суткі).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.