Міністр спорту: Стадыён “Дынама” дакладна дабудуюць у канцы 2017 года

Міністр спорту: Стадыён “Дынама” дакладна дабудуюць у канцы 2017 года

Стадыён “Дынама” ў Мінску дабудуюць роўна праз два гады. Пра гэта падчас прамой лініі распавёў карэспандэнту Еўрарадыё міністр спорту Аляксандр Шамко. Паводле яго слоў, будаўніцтва кантралюецца на самым высокім узроўні.

Шамко: “Нацыянальны стадыён у Мінску будзе здадзены ў эксплуатацыю ў канцы 2017 года. Дакладна. Вы можаце ў мяне спытаць гэта яшчэ пяць разоў, і я пяць разоў адкажу, што гэта дакладна. Я адказны за будаўніцтва гэтага стадыёна. У тым ліку па ўказу прэзідэнта. Гэтаму пытанню было прысвечана ў тым ліку і пасяджэнне ў кіраўніка Камітэта дзяржкантролю. На самым высокім узроўні”.

Кіраўнік Мінспорту таксама расказаў, што будаўніцтва на цяперашні момант ідзе згодна з графікам, а па шэрагу пазіцый яго нават апярэджвае.

“У мяне вокны выходзяць на будоўлю, будаўніцтва вядзецца. Іншая справа, што рэканструкцыя — гэта заўсёды нашмат складаней, чым будаўніцтва новага стадыёна. У тэхналагічным плане нейкія працэсы там ідуць у дзве змены, нейкія — у адну… Хоць знешне, магчыма, і не бачна, але будаўніцтва ідзе. Заклапочанасці па гэтым пытанні ў мяне няма. Федэрацыя лёгкай атлетыкі, Мінспорту гэтаму пытанню надаюць вялікую ўвагу”, — паведаміў міністр.

Шамко таксама дадаў, што ёсць пэўныя складанасці з будаўніцтвам, аднак усе яны выкліканыя толькі тым, што адбываецца рэканструкцыя, а не будаўніцтва цалкам новага стадыёна. “Праз два гады ў снежні сустрэнемся каля стадыёна”, — упэўнены міністр спорту.

Фота: brsm.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі