Міністры краін ЕС папросяць Еўракамісію перагледзець адносіны з Беларуссю

“Яшчэ ёсць час адступіць, і я спадзяюся, што гэта адбудзецца”, ― заявіў сёння напярэдадні пасяджэння міністраў замежных спраў старшыня польскага МЗС Радаслаў Сікорскі. “Я буду размаўляць з калегамі і прасіць аб салідарнасці. Каб яны дапамаглі Беларусі ўсвядоміць, якія важныя магчымасці яна можа ўпусціць, калі працягне палітыку пераследаў, ― заявіў Сікорскі. ― Лічу, што мы мусім працягнуць і ўзмацніць нашую палітыку кандыцыянальнасці да Беларусі. Маю на ўвазе, што Беларусь можа імкнуцца ў розныя заходнія інстытуцыі пры ўмове, калі будзе паляпшэнне ў сферах правоў чалавека, стаўлення да нацыянальных меншасцяў і апазіцыі”.

Па словах Сікорскага, міністры будуць прасіць Вярхоўнага прадстаўніка па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан і Еўракамісію перагледзець адносіны з Беларуссю.

На думку Радаслава Сікорскага, прадстаўнікі Саюза палякаў сталі ахвярамі пераследу менавіта таму, што з'яўляюцца беларускімі грамадзянамі. Ён дадаў, што Еўропа не займае нейтральную пазіцыю ў пытанні права праводзіць аўтаномную культурную і грамадзянскую дзейнасць.

“Мы лічым, што краіны, якія спадзяюцца гуляць актыўную ролю ў добрасуседскай палітыцы, мусяць рухацца да нашых стандартаў у дачыненні да меншасцяў”, ― адзначыў польскі міністр.

Сікорскі дадаў, што Беларусь цудоўна ведае пра ўмовы ЕС для паляпшэння адносін, нагадаўшы, што гэта, сярод іншага, рэформа выбарчага права, свабода СМІ, спыненне пераследу журналістаў і актывістаў недзяржаўных арганізацый.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі