Міністры спорту краін ЕС заявяць пра стаўленне да ўдзелу РБ і РФ у Алімпіядзе
Міністр спорту і турызму Польшчы Каміль Бартнічук / pap.pl
Міністры спорту краін Еўропы і не толькі заявяць пра сваё стаўленне да магчымага ўдзелу спартсменаў з Беларусі і Расіі ў Алімпіядзе. Сустрэча запланаваная на 10 лютага. У ёй чакаецца ўдзел каля 40 міністраў, паведаміў pap.pl міністр спорту і турызму Польшчы Каміль Бартнічук.
Напярэдадні міністры спорту Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі агучылі агульную пазіцыю: яны супраць вяртання спартсменаў краін-агрэсараў на міжнародныя спаборніцтвы. Яны спадзяюцца, што іх падтрымаюць іншыя краіны. Яшчэ раней Украіна і Латвія пагражалі байкотам Алімпіяды. Аднак на сустрэчы яшчэ не будзе гаворкі пра байкот — Міжнароднаму алімпійскаму камітэту даюць магчымасць перагледзець сваю пазіцыю.
Міжнародны алімпійскі камітэт напярэдадні заявіў, што працягваць поўнае адхіленне беларусаў і расіян ад міжнародных спаборніцтваў не дазваляе пазіцыя ААН наконт "дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце", а таксама "прынцыпы алімпійскага руху". Пры гэтым пакуль гаворкі пра допуск беларусаў і расіян да Алімпіяды 2024 года няма. Ідуць кансультацыі па іх допуску да спаборніцтваў у Азіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.