Мінкульт хоча забараніць дзіцячы спектакль "Монстры на навагодніх вакацыях"
Гродзенскія акторы / фота з тг-канала Вольгі Бондаравай
Міністэрства культуры хоча забараніць спектакль "Монстры на навагодніх вакацыях", які падрыхтаваў Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры. 21 снежня ў цэнтр прыйшла праверка з міністэрства, піша hrodna.life.
Скаргу на спектакль напісала прарасійская праўладная актывістка Вольга Бондарава. Яна лічыць, што вобразы монстраў прапагандуюць нетрадыцыйныя каштоўнасці.
Бондарава абурылася, што ў навагоднім спектаклі паказваюць герояў амерыканскага сямейнага мультфільма "Монстры на вакацыях".
"Чаму замест нашага Дзеда Мароза Санта-Клаўс, а замест Снягуркі — нейкая баба з зялёным тварам? Адкуль узяліся гэты хз хто з сінюшнымі рукамі і другі, які ў бінтах? Чаму ў мужыка вочы абведзеныя чорнымі ценямі? Ён што, ўяўляе з сябе труп? Яны ўсе з сябе трупаў малююць? А як гэта і музыка [трэк у стылі індастрыял падчас светавога шоў. — Hrodna.life] таксама карэлюецца з Новым Годам — добрым традыцыйным святам усходнеславянскіх народаў? І чаму ні Гродзенская гарадская, ні аблідэалогія палец аб палец не ўдарылі, каб загадзя спыніць гэты трэшняк са светлай назвай "Монстры на вакацыях“?" — піша яна.
Арыгінальныя мультфільмы пра монстраў — серыя анімацыйных фільмаў Генадзя Тартакоўскага. У іх расказваецца пра дачку графа Дракулы Мэвіс і звычайнага хлопца Джоні, якія стварылі монстра-чалавечую сям’ю. Монстры ў гэтых фільмах вельмі добрыя, яны асцерагаюцца людзей і стараюцца з імі не перасякацца. Праз адрознасць монстраў і людзей мультфільм вучыць талерантнасці і прыняццю іншых. Пры гэтым ва ўсіх частках мультфільма вялікую ролю маюць сямейныя каштоўнасці, адносіны паміж бацькамі і дзецьмі.
Аўтары спектакля кажуць, што ўздымаюць у пастаноўцы тэму дабра і зла, талерантнасці, а таксама ўзаемапавагі паміж пакаленнямі. Яны просяць гледачоў напісаць ліст у Мінкульт і апісаць эмоцыі, якія гледачы атрымалі ад навагодняга спектакля.
На сёння адыграна ўжо 12 спектакляў і запланавана яшчэ 17 паказаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.