Мінкульт здыме серыял пра "Беларусь — для народа" за 1,4 мільёны долараў
Міністэрства культуры аб'явіла конкурс на новы амбіцыйны гульнявы праект коштам у 1,4 мільёны долараў. На адпаведны тэндар звяртае ўвагу канал у тэлеграме "Священный Белавуд". Заяўка пад назвай "Аказанне паслуг па вытворчасці фільма ў гульнявой форме, які адлюстроўвае дасягненні сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь" з'явілася на сайце 30 красавіка.
Па планах Мінкульта, гледачы ўбачаць серыял з васьмі серый на адной з дзяржаўных моваў з англійскімі субтытрамі. Серыл мусіць быць зняты і падрыхтаваны да пракату за 16 месяцаў. Па ўмовах выканаўца мусіць укласці ў праект 30% асабістых ці прыцягнутых звонку сродкаў, бо дзяржава пакуль гатовая патраціць на серыял толькі 1,5 мільёны рублёў з рэспубліканскага бюджэта.
Апошні маштабны праект Мінкульта — паўнафарматная стужка "Купала", знятая па біяграфіі Янкі Купалы рэжысёрам Уладзімірам Янкоўскім на кінастудыі "Беларусьфільм". Яе прэм'ера пераносілася некалькі разоў і цяпер запланаваная на восень 2020 года. Мяркуецца, што пазней выйдзе чатырохсерыйнага тэлеверсія фільма.
У 2015 годзе пад крылом Мінкульта выйшаў скандальна вядомы баявік "Мы, браты" ("Авель", "Код Каіна"), на стварэнне якога з бюджэту краіны было выдзелена 2,3 мільёнаў доллараў. Сюжэт стужкі распавядаў пра канфлікт двух братоў, якія жывуць у сучаснай Беларусі, а таксама закрануў тэму прэзідэнтскіх выбараў 2010 года з жорсткім разгонам пратэстоўцаў. Карціна была раскрытыкаваная экспертамі і гледачамі. У беларускім пракаце яна сабрала ўсяго 43 тысячы долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.