Мінабароны: беларускія міратворцы прыступілі да "выканання задач" у Казахстане
Беларускія вайскоўцы пачалі сваю міратворчую місію ў Казахстане. Як паведаміла Мінабароны, яны пачалі "выкананне задач па ахове шэрагу важных аб'ектаў ваеннай інфраструктуры Казахстана".
Сцвярджаецца, што вайскоўцы міратворчых сіл АДКБ не будуць наводзіць парадак у краіне. Таму грамадзяне Беларусі, якія ўдзельнічаюць у місіі, выконваюць "пастаўленыя задачы ў планавым рэжыме". Няштатных сітуацый не зафіксавана, — піша Мінабароны.
Беларускія вайскоўцы, якія дзейнічаюць у складзе міратворчых сіл АДКБ, прыбылі ў Казахстан 7 студзеня. Па словах міністра абароны Хрэніна, з беларускага боку ў місіі бяруць удзел толькі вайскоўцы па кантракце. Гэта міратворчая рота са складу 103-й Віцебскай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. У ёй увесь час служаць 100 чалавек, але пры неабходнасці склад роты павялічваецца да 300 чалавек.
Аляксандр Лукашэнка днямі заявіў, што беларускія вайскоўцы адправіліся ў Казахстан, каб "дапамагчы казахам спыніць братазабойчую вайну".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.