Мінпадаткаў растлумачыла, каго ў Беларусі выключаць са спіса “дармаедаў”
Міністэрства падаткаў і збораў растлумачыла, каго ў Беларусі перастануць лічыць “дармаедам”. Як паведаміў у інтэрв’ю тэлеканалу АНТ міністр падаткаў і збораў Сяргей Налівайка, у дэкрэт № 3 ад 2 красавіка 2015 года “Аб перадухіленні сацыяльнага ўтрыманства” будуць унесеныя змены.
Цяпер збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў плацяць грамадзяне, якія ў год афіцыйна працуюць меней за 183 дні. Але цяпер стане болей падставаў для вызвалення ад уплаты збору.
Напрыклад, “дармаедкамі” не будуць лічыць непрацуючых жанчын з дзецьмі да 10 год (раней было толькі да сямі). Таксама мясцовыя дэпутаты змогуць вызваляць грамадзян ад збору і ў выпадку складанай фінансавай сітуацыі ў сям’і.
Пры гэтым Міністэрства падаткаў і збораў не раіць беларусам ухіляцца ад уплаты збору за “дармаемства” па фіктыўных даведках ад працы за мяжой. Сяргей Налівайка паведаміў, што сёлета падатковыя службы краін Еўразійскага эканамічнага саюза падпішуць дамову аб інфармацыйным абмене. Тады звесткі аб прыбытках грамадзян Беларусі ў дзяржавах ЕАЭС будуць абнаўляцца аўтаматычна. Канчатковыя спісы плацельшчыкаў збору сфармуюць да 1 жніўня.
Пакуль у падатковыя органы па сваёй ініцыятыве прыйшлі болей за 1600 чалавек.