Мінпрацы абяцае, што ў 2016 годзе пенсійны ўзрост павышаць не будуць
У 2016 годзе ў Беларусі пенсійны ўзрост не будзе павышацца. Пра гэта ў панядзелак заявіла Ларыса Яшкова, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Паводле яе слоў, гаварыць пра гэта яшчэ рана. Разам з тым, з часам гэтае пытанне ў Беларусі будзе разглядацца, адзначыла Яшкова.
Прадстаўніца Мінпрацы нагадала, што на постсавецкай прасторы нізкі пенсійны ўзрост (60 гадоў — для мужчын, 55 гадоў — для жанчын) захаваўся толькі ў Беларусі, у Расіі і ва Узбекістане. "Разам з тым, шмат што за мінулы перыяд змянілася, — цытуе словы Ларысы Яшковай БЕЛТА. — Вырасла і працягвае расці працягласць жыцця. Сёння пенсійны ўзрост не той, які не дазваляе чалавеку працаваць".
Паводле афіцыйных дадзеных, 25% беларускіх пенсіянераў працягваюць працаваць. На сённяшні дзень 27% насельніцтва нашай краіны — гэта людзі пенсійнага ўзросту (пенсіі атрымлівае больш за 2,5 млн чалавек), у 2020 годзе іх стане ўжо 29%.
Фота: Bymedia.net