Мінпрыроды: Рэакцыю літоўскага боку на АЭС пакуль яшчэ рана абмяркоўваць

Мінпрыроды: Рэакцыю літоўскага боку на АЭС пакуль яшчэ рана абмяркоўваць

Беларусь не мае пытанняў, якія не гатовая абмяркоўваць з партнёрамі па Канвецыі Эспа. Пра гэта заявіла першая намесніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна, гаворачы пра беларуска-літоўскія спрэчкі наконт Астравецкай АЭС. 

Як вядома, Літва актыўна выступае супраць будаўніцтва АЭС каля Астраўца. Нядаўна прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ назвала будаўнітва Беларускай атамнай электрастанцыі адной з вонкавых пагрозаў для Літвы. 

13-16 чэрвеня ў Мінску пройдзе нарада бакоў Канвенцыі Эспа. Гэты дакумент рэгламентуе ацэнку ўдзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце. 

Каментуючы пытанне будаўніцтва АЭС, беларуская чыноўніца на прэс-канферэнцыі 8 чэрвеня паведаміла: "Пытанне трансгранічнага супрацоўніцтва Беларусі і Літвы працягвае заставацца ў зоне ўвагі Камітэта па выкананні Канвенцыі Эспа. У цяперашні час непасрэдны перамоўны працэс знаходзіцца ў спакойным стане. Мы вядзем перапіску паміж дзвюма дзяржавамі і не чакаем нейкіх сюрпрызаў на гэтым мерапрыемстве. Мы не маем пытанняў, якія не гатовыя абмяркоўваць з нашымі партнёрамі па Канвенцыі Эспа".

Да заяваў літоўскага боку прадстаўніца Мінпрыроды ставіцца стрымана: "Рэакцыю літоўскага боку пакуль рана абмяркоўваць. Мы гатовыя да абмеркавання любых пытанняў і хочам пераканаць нашых суседзяў у тым, што канфрантацыя вядзе не да вырашэння спрэчак, а толькі да іх пагаршэння".

Як паведамлялася раней, Следчы камітэт адхіліў ад працы кіраўніка беларускага ведамства Андрэя Каўхуту: яго падазраюць у службовым падлогу. Па словах Малкінай, гэта ніяк не паўплывае на падрыхтоўку нарады бакоў Канвенцыі Эспа ў Мінску. "Міністэрства працуе ў штатным рэжыме. Усе пытанні ўзгодненыя. Я не думаю, што варта баяцца нейкіх наступстваў", — заявіла чыноўніца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі