Мінск нарываецца на санкцыі, каб адносіны з ЕС былі як у Азербайджана

Санкцыі дзейнічаюць, але не прыводзяць да патрэбнага эфекту

Еўрарадыё: Зараз апазіцыйныя палітыкі падзяліліся. Адны кажуць пра неабходнасць пашырэння санкцый, іншыя выступаюць за дыялог. А наколькі ўвогуле санкцыі дзейсныя?

Мельянцоў: Трэба размежаваць некалькі паняццяў: эфектыўнасць санкцый і дзейснасць. Часта гэтыя паняцці блытаюць. 

Што значыць эфектыўнасць – ці выконваюць санкцыі тыя задачы, якія на іх ускладаюць? Давайце возьмем дакументы ЕС, і, па-першае, рэзалюцыі Савета ЕС. Там ставіцца бадай што адзіная галоўная мэта – вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных. Там прапісана, што санкцыі будуць знятыя толькі тады, калі будуць рэабілітаваныя і вызваленыя усё палітзняволеныя. Санкцыі дзейнічаюць больш за год, і пакуль гэтага не адбылося. Таму, пра эфектыўнасць санкцый мы казаць не можам. У такім выглядзе яны неэфектыўныя.

Калі казаць пра дзейснасць і ўплыў санкцый, то яны ўплываюць, бо выклікаюць нейкую зваротную рэакцыю афіцыйнага Мінска. У адказ на санкцыі ўжываюцца нейкія контрмеры. Нервовая рэакцыя МЗС – гэта таксама пэўны ўплыў санкцый. Натуральна, санкцыі дзейнічаюць, але яны неэфектыўныя.

Еўрарадыё: У свеце ёсць шмат прац па дзеянні санкцый. Сярод іх ёсць пазітыўныя, напрыклад, Бірма. Там у выніку былі вызваленыя палітзняволеныя. Але ў дачыненні некаторых краін, як Туніс, ЕС не прымяняў санкцый, там рэжым быў зрынуты насельніцтвам.

Мельянцоў: Тут усё вельмі моцна залежыць ад канкрэтных умоваў у кожнай краіне, кшталту дыктатуры і кіруючага рэжыму ў той ці іншай краіне. Калі ўзяць Бірму, то не ўсё так адназначна. Гэта прыкладна, як у пракляццях фараонаў – калі нехта зайшоў у грабніцу, на яго абрынулася пракляцце фараона, і праз 70 год ён памёр. Прыкладна тое ж адбываецца і тут. Санкцыі былі ўведзеныя даўно, і раптам, нядаўна, Бірма вырашыла адпусціць палітзняволеных. Мы не маем падставаў казаць, што менавіта санкцыі паўплывалі такім чынам, проста таму, што вызваленне палітзняволеных адбылося праз нейкі перыяд часу. На гэта паўплывала шмат фактараў. Там змянілася грамадства, змянілася нейкім чынам сама эліта і прыйшла да высновы, што, сапраўды, больш выгадна супрацоўнічаць з ЕС, змяніўся знешнепалітычны кантэкст. На беларускім прыкладзе гэта таксама можна прасачыць – калі змяняецца знешнепалітычная кан’юнктура. Пагаршаюцца адносіны з Расіяй – адпаведна паляпшаюцца з ЕС. Але гэта не азначае, што санкцыі спрацавалі. Санкцыі – гэта маленькі кавалак прычын, але нельга казаць, што менавіта санкцыі паўплывалі такім чынам.

Хацеў бы прывесці даследаванне Ліхт. Яна прааналізавала ўплыў санкцый з 1970 да 2004 года ў амаль 900 выпадках у розных рэжымах. І прыйшла да высновы, што такія мяккія санкцыі ЕС прыводзілі да адваротнага эфекту. Чым больш ЕС ціснуў, тым больш быў контрадказ, і далей захоўваліся рэжымы. Нешта падобнае мы назіраем, калі ЕС пашырае санкцыі, але ў адказ афіцыйны Мінск яшчэ больш узмацняе рэпрэсіі ўнутры краіны. Альбо абвастраецца антыеўрапейская рыторыка, і гэта нас яшчэ больш аддаляе ад Еўропы ўвогуле.


Непублічнасць перамоваў – важны момант у працы з аўтарытарнымі рэжымамі

Еўрарадыё: Летам улады пачалі выпускаць палітзняволеных. ЕС не адрэагаваў на гэта, заявіўшы, што спачатку трэба выпусціць усіх. Гэта была іх памылка? Можа трэба было таксама зрабіць нейкія саступкі?

Мельянцоў: Там акурат галоўнай прычынай вызвалення стаў дыялог. Спроба зрабіць прарыў у беларуска-еўрапейскіх адносінах, здзейсненая міністрам замежных спраў Балгарыі Мікалаем Младэнавым. Ён прыехаў, дамовіўся з Лукашэнкам, і той пачаў выконваць палажэнні дамовы. Абвясціў пра круглы стол з ЕС і апазіцыяй, пачаў вызваляць палітзняволеных за "Плошчу".

Тут трэба разумець логіку беларускага рэжыму. Яны, па-першае, чакалі, што гэта ўсё будзе захаванае ў таямніцы. Перамовы былі нефармальныя, але яны вылезлі вонкі і, адпаведна, тут Лукашэнка выглядаў не вельмі добра. Ну, як гэта? Ён фактычна пайшоў на повадзе ў ЕС і выконвае іх патрабаванні. Гэта страта твару. Адпаведна, ён праз некалькі дзён дэзавуяваў тое, што ён сказаў пра дыялог. Ён сказаў, што ніколі не сядзе за стол перамоваў з апазіцыяй і спыніў працэс вызвалення палітзняволеных. Іншая справа, што мы да канца не ведаем дамоўленасцяў, якія былі дасягнутыя падчас гэтых кулуарных перамоваў. Натуральна, што нешта еўрапейскі бок паабяцаў Лукашэнку ўзамен. Але ЕС не зрабіў крокаў насустрач, патрабуючы вызвалення ўсіх. Гэта пэўным чынам адштурхнула Лукашэнку ад гэтага працэсу. На маю думку, ён палічыў, што ЕС не выконвае сваю частку дамоўленасцяў. Усё, што заставалася, гэта ісці на паклон да Масквы. Пасля мы бачым скандал наконт саміта Усходняга партнёрства і продаж Белтрансгаза.

Я не магу сказаць, што гэта была галоўная перашкода, што гэтыя перамовы вылезлі ў СМІ. Але гэта вельмі важны момант. Падчас прыезду Саланы ў 2009 годзе было, прыкладна, нешта падобнае. Для беларускага боку было важным дэманстраваць, што Лукашэнка трымае ўсё пад кантролем, і на самой справе гэта саступкі ЕС. У дзяржаўных СМІ гэта менавіта так падавалася, як саступкі з боку ЕС, а беларускі ўрад робіць, як лічыць патрэбным. Непублічнасць перамоваў – гэта адзін з важных момантаў супрацоўніцтва з аўтарытарнымі рэжымамі. Ім неабходна дэманстраваць сваю моц для ўнутранай публікі, для выбаршчыкаў і сваёй каманды. Калі палітычная эліта ўбачыць, што лідар слабы, то ўзнікае шмат пагрозаў для кіраўніка, таму яму неабходна дэманстраваць сваю вартасць.


Беларускі бок сам нарываецца на санкцыі

Еўрарадыё: Чаму Мінск перастаў балансаваць паміж Захадам і Усходам? Чаму не спрабуе дамаўляцца з Захадам, калі для гэтага трэба выпусціць некалькіх чалавек, якія ўжо нават напісалі прашэнне пра памілаванне.

Мельянцоў: Баланс важны, калі ты балансуеш. Ідзеш над прорвай і хістаешся то туды, то сюды, і табе важна захаваць баланс. Але калі ты ў нейкі адзін бок ужо зваліўся, то табе баланс не вельмі патрэбны. Ляціш, падаеш і думаеш, каб мякчэй стукнуцца або за нешта зачапіцца і вылезці назад. Я баюся, што Беларусь зараз у такой сітуацыі, калі суверэнітэт усё больш і больш страчваецца. Уплыў Расіі зараз настолькі моцны, што проста так беларускае кіраўніцтва саскочыць і вярнуцца да балансу не можа. А другое – падарваны давер. Так проста ў Еўропе Лукашэнку ўжо не павераць. Еўрапейскія палітыкі, якія ўклалі свой імідж у працэс лібералізацыі вельмі незадаволеныя.

З аб'ектыўнага пункту гледжання для беларускіх нацыянальных інтарэсаў вельмі важны баланс. Але сёння сітуацыя зайшла настолькі далёка, што можна казаць, што Беларусь не зусім незалежная дзяржава. У гэтым ёсць віна і беларускага кіраўніцтва, і Расіі, якая хоча яшчэ больш ўмацавацца тут эканамічна, і ЕС, які пайшоў на ізаляцыю беларускага кіраўніцтва. Гэта ў нейкім сэнсе ізаляцыя краіны. Не можа быць адкрытай краіна і яе грамадства, калі ізаляванае кіраўніцтва. Мы гэта зараз бачым на прыкладзе беларускай апазіцыі. Таму я думаю, што беларускае кіраўніцтва хацела б вярнуцца да балансу, але гэта ўжо не так проста.

Еўрарадыё: Палітолаг Юрый Шаўцоў выказваўся, што еўрапейскія палітыкі дзейнічаюць пад уплывам грамадскага меркавання, ці можна з гэтым пагадзіцца?

Мельянцоў: Еўрапейскія палітыкі шмат у чым залежаць ад грамадскага меркавання. Яно ў бліжэйшых да нас краінах такое, што ЕС хацеў ісці на збліжэнне, але беларускі дыктатар паводзіць сябе такім чынам, што з ім не магчыма дамаўляцца. Адпаведна сябе паводзяць і еўрапейскія лідары. У артыкуле кіраўнікоў МЗС Германіі, Польшчы і Швецыі адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, вельмі бачна наколькі яны пакрыўджаныя. А другая прычына ў тым, што беларускі бок сам нарываецца на санкцыі. Мая гіпотэза, што ў гэтым канфлікце беларускім бокам ставіцца мэта дасягнуць такога ўзроўню адносінаў з ЕС, які ёсць ва Узбекістана і Азербайджана. Дамагчыся таго, каб ЕС махнуў на Беларусь рукой, прызнаў, што гэта такі моцны арэшак, і нельга нічога зрабіць з гэтым рэжымам. І не трэба патрабаваць ад яго нічога невыканальнага.

Я думаю, што гэта такая генеральная мэта афіцыйнага Мінска. Праз санкцыі і гэты канфлікт ён імкнецца паказаць, што мы ўсё адно ніяк не памяняемся. І яшчэ адзін фактар – гэта цяжкая сітуацыя ўнутры ЕС і вакол. Крызіс афрыканскіх краін і Блізкага Усходу прывялі, да таго, што беларускае пытанне досыць маргінальнае ў ЕС, і не такое важнае, каб будаваць дзейсныя стратэгіі. Усё гэта выліваецца ў сітуацыю, калі ЕС не мае ніякіх стратэгічных падыходаў, і нават не артыкулюе мэты, якія ён ставіць. З тых дакументаў, якія выдае ЕС, не зразумела да канца, што яны хочуць рабіць з Беларуссю: або мяняць рэжым, або падтрымліваць змены ўнутры грамадства, або ўцягваць Беларусь у еўрапейскую арбіту. А для гэтага павінны быць пастаўленыя мэты. Пакуль іх няма, мы не можам казаць пра нейкія стратэгіі.


Калі мэта санкцый, выклікаць рвоту і галаўны боль, то яны дзейнічаюць

Еўрарадыё: Спачатку ЕС уводзіў візавыя санкцыі і гэта лічылася такім сімвалічным крокам, цяпер справа дайшла да эканамічных санкцый. Гэта больш эфектыўны крок?

Мельянцоў: Калі мы кажам пра эканамічныя санкцыі ў вузкім строгім разуменні міжнароднага права, то звычайна гэта эмбарга на пастаўкі прадукцыі з ЕС або байкот тавараў з Беларусі. Гэта значыць, што забараняецца супрацоўнічаць з усімі эканамічнымі структурамі. Калі ЕС адмовіцца набываць у Беларусі нафту і нафтапрадукты, гэта мы можам назваць эканамічнымі санкцыямі ў поўнай меры. Тое, што было прынятае на апошнім пасяджэнні Савета ЕС, я б працягваў называць сімвалічнымі санкцыямі. Гэта кропкавыя контрмеры супраць некалькіх бізнесменаў. Гэта не можа лічыцца эканамічнымі санкцыямі, гэта сімвалічныя рэчы, якія проста абыходзяцца. Ствараецца фірма пасярэднік, якая ўсё тое ж самае прадае ў ЕС. Гэта пэўныя эканамічныя страты, але не такія, каб прымусіць бізнесменаў не супрацоўнічаць з урадам, што таксама не даказана. Не зразумела, якім чынам яны фінансуюць рэжым. І не зразумела, што такое ўвогуле фінансаваць рэжым, бо я плачу падаткі і такім чынам таксама фінансую рэжым.

Гэтыя санкцыі дзейнічаюць – бо вельмі раздражняюць рэжым. Калі мэта выклікаць рвоту і галаўны боль у беларускага рэжыму, то ў прынцыпе, санкцыі дзейнічаюць. Калі ж яны павінны стаць мадыфікатарам паводзінаў, змяніць стаўленне да правоў чалавека, палітзняволеных, да ЕС, то, натуральна, яны да гэтага не прыводзяць, а наадварот могуць выклікаць зваротную рэакцыю. Што мы зараз і бачым, калі ў адказ уводзіцца спіс апазіцыянераў, якім нельга выехаць з Беларусі.

Еўрарадыё: Якія могуць быць наступныя крокі? Адмена чэмпіянату свету па хакеі?

Мельянцоў: Зыходзячы з абмеркаванняў, якія ідуць у ЕС, я ўсё больш схіляюся да думкі, што, магчыма, чэмпіянат сапраўды перанясуць у іншую краіну, бо раздражненне ў ЕС дасягнула высокага градусу. Але, ці прымусіць гэта Лукашэнку змяніць ягоную палітыку? Ці паўплывае гэта нейкім чынам на беларускае грамадства? Мне падаецца, што шматлікія заўзятары, якія не цікавяцца палітыкай, будуць абураныя тым, што ім забаранілі прымаць чэмпіянат. Будзе раздражненне не супраць уладаў, а супраць ЕС і прадстаўнікоў апазіцыі, якія лабіруюць санкцыі. Калі на поўную моц уключыцца прапагандысцкая машына, то вельмі лёгка будзе грамадства ў гэтым пераканаць. Гэта паўплывае на пабудову вобраза асаджанай крэпасці. Калі вакол ворагі, а Беларусь абкладзеная гэтымі ворагамі. Я не думаю, што гэта пазітыўна адаб'ецца на стане ўнутры грамадства.

Чаму ЕС не можа ўвесці сапраўдныя эканамічныя санкцыі, тут ёсць, як мінімум, два адказы. Для таго, каб увесці санкцыі, патрэбныя вельмі важныя прычыны. Часткова іх прапісвае Хартыя ААН, дзе сказана, што такія санкцыі могуць прымяняцца супраць дзяржавы, якая пагражае міжнароднаму міру і бяспецы. Санкцыі былі прынятыя супраць Ірана таму што ён робіць атамную бомбу і не супрацоўнічае з Магатэ. Ён сапраўды прадстаўляе пагрозу, а Беларусь такой пагрозы не прадстаўляе і няма падставаў уводзіць санкцыі.

Нават калі б у Бруселі была палітычная воля ўвесці санкцыі, то ўзнікае супярэчанне паміж краінамі ЕС. Найбуйнейшы пакупнік беларускай нафты і нафтапрадуктаў – Нідэрланды. Пры гэтым урад Нідэрландаў найбольш выступае за абмежаванні супраць Беларусі. Але гэта краіна, якая найбольш фінансуе рэжым. У іх ёсць зацікаўленасць, ёсць зацікаўленасць у Латвіі, праз якую ідзе шмат беларускіх тавараў. Тое ж самае з Літвой, якая займаецца транзітам беларускіх тавараў да Калінінграда, да Клайпеды. Такім чынам, поўнамаштабныя санкцыі нерэалістычныя. Брусель будзе мець перашкоду ад сваіх жа краінаў-сябраў. Усе цудоўна разумеюць, што ёсць саюз з Расіяй, і ўсе тавары пойдуць праз Расію. І нават калі ўявіць, што санкцыі ўводзяцца, то не факт, што яны стануць фатальнымі для рэжыму. Леташні эканамічны крызіс паказаў, што пагаршэнне эканамічнай сітуацыі не прыводзіць да змены рэжыму.

Еўрарадыё: Якім чынам санкцыі могуць нашкодзіць палітвязням, якія і так сядзяць у турме?

Мельянцоў: Калі б ЕС праводзіў больш збалансаваную палітыку, прапанаваў нейкія рэалістычныя пернікі для рэжыму, то, я думаю, палітзняволеныя былі б вызваленыя яшчэ ў леташнім верасні. ЕС зрабіў стаўку на пашырэнне абмежаванняў. А гэта прыводзіць да таго, што палітзняволеныя па-ранейшаму знаходзяцца ў турмах.


Канфлікт можа дайсці да таго, што спатрэбіцца пасярэднік, для ўрэгулявання сітуацыі

Еўрарадыё: Раней ужо ў ЕС атрымалася дамагчыся, каб у Беларусі не стала палітзняволеных. Але пасля 19 снежня 2011 года зноў пайшла хваля рэпрэсій. Ці не магло б паўтарыцца такое зноў?

Мельянцоў: Цалкам магчыма. Таму што ў прыродзе рэжыму – кіравацца рэпрэсіўнымі метадамі. Няма ніякай гарантыі, што пасля паляпшэння адносінаў з ЕС зноў не надыдзе крызісны перыяд. Вельмі вялікая тэма, што здарылася 19 снежня. Думаю, не фармат гэтай перадачы яе абмяркоўваць. Але я ўсё ж такі думаю, што сітуацыя дыялога і адлігі ў параўнанні з сённяшняй сітуацыяй – нашмат больш спрыяльная для развіцця самой апазіцыі. Калі з'яўляецца магчымасць працаваць з насельніцтвам, даносіць свае думкі, чым цяпер, калі лідары апазіцыі сядзяць у турмах, калі вельмі цяжка правесці ўвогуле хоць якое мерапрыемства. Мая пазіцыя такая – лепш хай будзе дрэнны дыялог, чым добры крызіс. 

Еўрарадыё: Хто першы павінен пайсці на саступкі, ЕС ці Беларусь?

Мельянцоў: Павінен першы пайсці на саступкі мудрэйшы бок, той, у каго больш мазгоў, досведу і жадання палепшыць сітуацыю.

Еўрарадыё: Чаму ЕС не спрабуе, як раней, весці кулуарныя перамовы?

Мельянцоў: Экспертны дыялог па пытаннях супрацоўніцтва ў межах праектаў аховы мяжы, бежанцаў і чарнобыльскага пытання ніколі не спыняўся. На вышэйшым узроўні дыялог перапынены. Па-першае, з-за таго, што праваліся спроба Младэнава наладзіць адносіны. Яна была не зусім узгодненая з кіраўніцтвам ЕС, гэта патрапіла ў СМІ, і еўрапейскі бок, і беларускі панеслі з гэтага іміджавыя страты. Цяпер эканамічная сітуацыя не такая, каб ісці на збліжэнне з ЕС шляхам саступак. З іншага боку, афіцыйны Мінск сам накручвае, нарываецца на санкцыі, каб паламаць старую парадыгму стаўлення Бруселя да Беларусі. ЕС таксама будзе вельмі асцярожна ставіцца да кулуарных перамоваў, бо ніхто зараз не гатовы паставіць свой імідж на кон вырашэння беларускага пытання.

Нельга забываць, што зараз існуе логіка канфлікту. Гэта вядзе да накручвання эмоцый і канфліктнай рыторыкі, калі кожны з бакоў вельмі незадаволены тым, што адбываецца, і нарошчвае сілу ўдараў у адказ. І адпаведна, кожны з бакоў чакае, што крокі насустрач будуць з супрацьлеглага боку. Нашы чыноўнікі і сам Лукашэнка кажуць, што ЕС павінен зрабіць першы крок. Еўрапейскія палітыкі гавораць, што першы крок павінен зрабіць беларускі бок. Так можа быць да бясконцасці. Будуць пашырацца санкцыі, апаненты будуць разыходзіцца ў розныя бакі, і звесці іх назад будзе вельмі цяжка. І канфліктная логіка можа дайсці да такога стану, што будзе патрэбны пасярэднік. Гледзячы па тым, як развіваецца сітуацыя, я думаю, што ў хуткім часе мы будзем шукаць такога пасярэдніка.

Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь"на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі