Мінск прыцэньваецца да расійскіх комплексаў "Іскандэр"
У будучыні Беларусь можа разгледзець магчымасць набыцця ў Расіі ракетных комплексаў "Іскандэр". Пра такую заяву амбасадара Беларусі ў Маскве Ігара Петрышэнкі паведамляе ria.ru.
Дыпламат паведаміў, што сёння сярод зенітна-ракетных комплексаў асноўным ЗРК у Беларусі з'яўляецца сістэма С-300. "Пастаўкі комплексаў С-400 і аператыўна-тактычных ракетных комплексаў "Іскандэр" могуць быць разгледжаныя з улікам з'яўлення новага ўзбраення з палепшанымі характарыстыкамі. Чакаем, што ў перспектыве на ахову паветраных межаў Саюзнай дзяржавы заступяць Су-30см войскаў ВПС і СПА Беларусі", — дадаў Петрышэнка.
На мінулым тыдні Мінабароны Беларусі паведаміла, што плануе закупіць у Расіі 12 самалётаў Су-30см. Пастаўка самалётаў, паводле ўмоваў кантракту, будзе ажыццяўляцца паэтапна, на працягу трох гадоў.