Экс-мэр Мінска Мікалай Ладуцька ўсумніўся ў незалежнасці беларускіх судоў

Экс-мэр Мінска Мікалай Ладуцька ўсумніўся ў незалежнасці беларускіх судоў

Экс-старшыня Мінгарвыканкама, а цяпер кіраўнік Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Мікалай Ладуцька усумніўся ў незалежнасці беларускіх судоў. Смелую заяву Ладуцька зрабіў у афіцыйным звароце з нагоды інстытута падатковага кансультавання ў Беларусі.

У Мінскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў перакананыя, што падатковы кансультант у цяперашніх умовах не зможа абараніць інтарэсы беларускага бізнэсу.

“Сам па сабе інстытут падатковых кансультантаў можа пачаць РЭАЛЬНАЕ функцыянаванне ў выпадку наяўнасці незалежных судоў, прыцягнення ў якасці экспертаў пры судовых спрэчках не толькі спецыялістаў дзяржаўных органаў (часта з якімі і вядзецца спрэчка), а вядомых у рэспубліцы незалежных экспертаў па гэтым пытанні і (або) прафесійных арганізацыяў: саюзаў, аўдытарскіх арганізацыяў і г.д. Пры адсутнасці гэтага самі падатковыя кансультанты з’яўляюцца “групай рызыкі” і закладнікамі “меркавання” профільных дзяржаўных органаў, што будзе адназначна павялічваць рызыку карупцыйных праяваў”, — сказана ў заяве.

У прадпрымальніцкай арганізацыі мяркуюць, што інстытут падатковых кансультантаў мусіць быць не абавязковым на пэўны пераходны перыяд.

Інстытут падатковага кансультавання ўведзены ў нашай краіне амаль год таму ўказам Аляксандра Лукашэнкі №338. Як сказана ў дакуменце, падпісаным Мікалаем Ладуцькам, аўтсорсінгавыя кампаніі, якія аказваюць паслугі бухгалтарскага і падатковага ўліку, абавязаныя будуць трымаць у штаце падатковага кансультанта, чые абавязкі і адказнасць занадта размытыя.

Паслугамі такіх кампаніяў карыстаюцца малыя і сярэднія прадпрыемствы, якія не могуць сабе дазволіць у штаце галоўнага бухгалтара. Але з 1 студзеня наступнага года індывідуальныя прадпрымальнікі і бухгалтарскія фірмы, якія доўгі час працуюць на рынку, могуць застацца па-за законам. Адметна, што буйныя кампаніі, што маюць у штаце галоўнага бухгалтара, маюць права не карыстацца паслугамі падатковага кансультанта.

Мікалай Ладуцька узначальваў Мінгарвыканкам з чэрвеня 2010 года па лістапад 2014 года. У чэрвені 2015 года прызначаны кіраўніком ААТ "Мотавела", а пасля — ТАА "Мотавелазавод", створанага ў сувязі з працэдурай банкруцтва першага прадпрыемства.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі