“Мінус сто рублёў”: новы развод на грошы абанентаў velcom
У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся чытач Андрэй з гісторыяй пра тое, як яго паспрабавалі падмануць на сто рублёў з дапамогай мабільнай праграмы v-banking. Калі коратка, то вы нібыта пералічваеце памылкова атрыманыя на свой баланс грошы, але насамрэч, гэта сто рублёў крэдыту ад мабільнага аператара, выплачваць якія вам давядзецца пазней.
Еўрарадыё разбіраецца, як працуе махлярская схема і як не трапіць у пастку зламыснікаў.
Саму схему не назавеш простай. Спачатку да цябе звяртаюцца па дапамогу. Нібыта падобныя нумары, пераблыталі і выпадкова адправілі сто рублёў не туды. І просяць усталяваць праграму v-banking, каб вярнуць грошы.
Сапраўды, усталяваўшы праграму і прайшоўшы рэгістрацыю, вы ўбачыце, што ў вас на рахунку сто рублёў. Пасля чаго вас папросяць актываваць гэтыя грошы і пераслаць назад. І вось тут нюанс.
Сутнасць у тым, што гэтыя сто рублёў даюцца ў крэдыт карыстальніку ад кампаніі velcom, якой належыць гэтая плацежная праграма. І калі вы іх кудысьці выдаткуеце, то вам давядзецца іх вярнуць.
Пры гэтым нідзе не пазначана, што гэта за сто рублёў. Нідзе не напісана, што гэта грошы ў крэдыт. І спачатку можа скласціся ўражанне, што гэта падарунак новаму карыстальніку. Але не.
Андрэй звярнуўся па тлумачэнні ў афіцыйную групу velcom у сацсетцы “ВКонтакте”:
"Гэта паслуга, якая дазваляе з дапамогай мабільнай праграмы v-banking рабіць аплату тавараў, работ і паслуг у АРІП з выкарыстаннем даступнага грашовага ліміту. Ён даецца кампаніяй без працэнтаў на ўмовах адтэрміноўкі аплаты. Вам дастаткова аформіць падключэнне да паслугі, і вам даецца сто рублёў. Гэты ліміт у далейшым трэба пагашаць, калі ён быў зрасходаваны".
Паколькі гэтыя грошы бяруць у крэдыт, то праз пэўны час іх трэба будзе вярнуць. Спачатку вы і здагадвацца не будзеце, што ў вас доўг у сто рублёў, але праз нейкі час аператар прад'явіць рахунак. І прыйдзецца плаціць.
Гэта не адзіны выпадак махлярства з дапамогай праграмы v-banking. Так, у гомельскім Следчым камітэце распавялі пра некалькіх затрыманых, якія займаліся махлярствам:
"У якасці ахвяр часцей за ўсё выбіралі падлеткаў гадоў шаснаццаці, — паведаміла падрабязнасці справы "Гомельским Ведомостям" старшы следчы Гомельскага гарадскога аддзела СК Ірына Співак. — Маладыя людзі падыходзілі да грамадзян і прасілі ў іх мабільны тэлефон. Прычыны прыводзілі розныя. Напрыклад, казалі, што свой тэлефон у іх разрадзіўся. Але звычайна тлумачылі, што толькі што вярнуліся з заробкаў з Расійскай Федэрацыі. Зарплата на расійскай карце, і каб яе перавесці на беларускую, патрэбны мабільны з сім-картай аператара velcom. Калі тэлефон аказваўся ў руках зламысніка, той усталёўваў на ім мабільную праграму кампаніі — банкінг і кашалёк. За ўстаноўку аператар дае сто рублёў у якасці грашовага ліміту на аплату тавараў і паслуг з дапамогай смартфона. Далей гэтыя сто рублёў маладыя людзі ад імя ўладальніка тэлефона перакладвалі сабе, пасля чаго выдалялі праграму і ўсе смс-паведамленні, і аддавалі апарат ўладальніку. На ўсё пра ўсё ім трэба было не больш за 8-10 хвілін".
Еўрарадыё звярнулася ў прэс-службу velcom, каб нам патлумачылі, чаму людзей так лёгка падмануць з праграмай v-banking і што рабіць, калі нехта ўжо стаў ахвярай махляроў. Аператыўна даць каментарый нам не змаглі, таму мы адправілі ў кампанію пісьмовы запыт.