Мінздароўя: Кошты на лекі ў аптэках розныя з-за часу пастаўкі і курсу долара

Мінздароўя: Кошты на лекі ў аптэках розныя з-за часу пастаўкі і курсу долара

Кошты на аднолькавыя лекі ў сталічных аптэках могуць адрознівацца ў 1,4 раза. Напрыклад, стандартны супрацьпрастудны "Ангрымакс" у аптэцы на Кальцова каштуе 2,52 рубля. А ўжо на вуліцы Кашавога прэпарат даражэе да 3,47 рубля. Дазіроўка і краіна-пастаўшчык аднолькавыя, кошты розныя.

"Мезім" ад праблем са страўнікам каштуе 6 рублёў на Жукава. Але даражэе да 7,27 на Пляханава. Звычайны "Карвалол" – і той мае розныя кошты: 1,14 на Сурганава і 1,76 на Пляханава. 

Снатворнае "Самнол" каштуе на вуліцы Кальварыйскай 4,85 рубля. А на плошчы Перамогі прэпарат прадаюць за 6,22 рубля! Розніца – у 1,2 раза. Аптэкі ў адзін голас кажуць: "Кошт залежыць ад пастаўшчыка і часу паступлення".

Змена курсу долара і розны час пастаўкі – такія прычыны розніцы ў коштах называюць Еўрарадыё ў Мінздароўя:

"Гэта залежыць ад курсу долара на той момант, калі завозіўся прэпарат. Гэта не залежыць ад формы ўласнасці аптэкі. Не важна, дзяржаўная яна ці прыватная. Гандлёвая нацэнка мае меншую вагу. Асноўнае – гэта ваганне курсу валют. Таксама нізкі кошт можа быць звязаны з кароткім тэрмінам прыдатнасці прэпарата".

А яшчэ нізкі кошт можа быць звязаны з маркетынгавымі хітрыкамі. Напрыклад, у аптэцы засталася толькі палова ўпакоўкі гэтага прэпарата. 

Розныя кошты – у асноўным на замежныя прэпараты. Пра гэта распавядае дырэктар партала gippokrat.by Максім Гуменюк. Здараецца, што замежны прэпарат два гады ляжыць на паліцах, калі дазваляе тэрмін дзеяння. 

"Аптэка закупіла па адным кошце, потым – пакуль прайшла растаможку... Бывае, што толькі што закуплены прэпарат таннейшы за той, які закупілі раней. Ёсць таксама аптэчная практыка, калі трэба прадаваць больш старую партыю. Бываюць залежы, калі прэпарат два гады таму закуплены", – тлумачыць Максім.

А яшчэ на кошт лекаў ускосна ўплывае насельніцтва раёна, дзе знаходзіцца аптэка. Напрыклад, калі прэпарат лепш раскупляюць, ён будзе даражэйшым. Пра гэта раней паведамляла Еўрарадыё.

Мінздароўя: Кошты на лекі ў аптэках розныя з-за часу пастаўкі і курсу долара

Супрацьзачаткавыя даражэйшыя ў Каменнай Горцы, Віягра ў Першамайскім раёне

Бо ў Каменнай Горцы жыве моладзь, а ў Першамайскім — многа сталых людзей. Чаму ў аптэках адрозніваюцца кошты?

Каб не памыліцца з коштам на лекі, у Мінздароўя раяць звяртацца непасрэдна ў аптэку па тэлефоне і ўдакладняць, колькі каштуе той ці іншы прэпарат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі