Мінздароўя растлумачыла, як будуць тэставаць на COVID і выпісваць з бальнічнага
Міністэрства аховы здароўя растлумачыла, каго цяпер будуць тэставаць на каранавірус і калі будуць выпісваць з бальнічнага / belta.by
Міністэрства аховы здароўя растлумачыла, каго цяпер будуць тэставаць на каранавірус і калі будуць выпісваць з бальнічнага. У новым загадзе Мінздароўя дазволіла дактарам ставіць дыягназ COVID-19 без тэста — толькі на падставе КТ і сімптомаў.
Калі раней дыягназ "каранавірус" маглі паставіць толькі на падставе станоўчага ПЛР-тэсту, то цяпер, каб паставіць дыягназ "COVID-19", трэба выканаць хоць бы адзін з наступных пунктаў:
— атрымаць аднаразовы станоўчы тэст ПЛР на каранавірус;
— па звестках камп'ютарнай тамаграфіі знайсці тыповую сімптаматыку і клінічную карціну, у тым ліку ў спалучэнні са станоўчым тэстам лабараторнай дыягностыкі або экспрэс-тэстам на антыцелы;
— зрабіць два экспрэс-тэсты з інтэрвалам не менш за суткі і абодва атрымаць станоўчымі. Такія тэсты паказваюць, што ў чалавека ёсць імунаглабуліны М і, значыць, у яго актыўная фаза захворвання.
Сур'ёзныя змены закранулі тэставанні людзей з лёгкай і бессімптомнай формамі COVID-19.
Раней пры лёгкай і бессімптомнай формах каранавіруса ПЛР-тэставанне паўторна рабілася на дзясяты дзень кантакту. Калі быў станоўчы вынік — тэсты рабіліся кожныя пяць дзён да атрымання аднаго адмоўнага.
Цяпер па новых правілах пацыентам з лёгкай або бессімптомнай формамі COVID-19 на 14-я суткі з моманту кантакту робяць экспрэс-тэст на антыцелы. Калі тэст паказвае, што ў чалавека ёсць імунітэт ці ён здаровы, яму закрываюць бальнічны.
Калі ж тэст гэтага не пакажа — бальнічны закрыюць на 21-я суткі з моманту кантакту з заражаным. І няважна, ёсць у чалавека каранавірус або няма, — паўторны тэст на антыцелы або ПЛР-тэставанне праводзіцца не будзе.
Змены закранулі і тэставанні па выпісцы з бальніцы. Калі раней перад выпіскай рабілі ПЛР-тэст на каранавірус, то цяпер яго зробяць, толькі калі пацыента адпраўляюць на медыцынскую рэабілітацыю або на санаторна-курортнае лячэнне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.