Мірзіёеў падарыў Лукашэнку зборнік вершаў Якуба Коласа
13 верасня кіраўнікі Беларусі і Узбекістана Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў правялі перамовы.
Нагадаем, што кіраўнік нашай дзяржавы знаходзіцца ў Ташкенце з афіцыйным візітам.
Па выніках перамоваў Беларусь і Узбекістан падпісалі 16 дакументаў, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. Ключавыя дамоўленасці адлюстраваныя ў міжурадавай дамове аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве на 2019-2023 гады.
Аднак не толькі пра эканоміку ішла гутарка падчас перамоваў. Прэзідэнт Узбекістана нагадаў, што нядаўна ў цэнтры Ташкента быў адкрыты бюст Якуба Коласа, а адну з вуліц горада плануецца назваць у гонар беларускага паэта. Падчас Другой сусветнай вайны Якуб Колас з сям'ёй жыў у эвакуацыі ва Узбекістане. "Ён вельмі шмат пісаў пра ўзбекаў. У тыя цяжкія гады ён быў ва Узбекістане з сям'ёй, жыў тут і ведае характар узбекаў, тую працавітасць, якая падобная да беларускай. Да яго шматлікіх твораў ва Узбекістане ставяцца з любоўю", — паведаміў Мірзіёеў.
Ён падарыў Лукашэнку першы асобнік зборніка вершаў Якуба Коласа, перакладзеных на узбекскую мову. У адказ беларускі кіраўнік падарыў прэзідэнту Узбекістана кнігу "Беларусь і мусульманскі свет".
Пасля афіцыйных перамоў Лукашэнка і Мірзіёеў адкрылі ў Ташкенце выставу беларускіх вытворцаў Made in Belarus.