Місія МВФ працягне перамовы з Беларуссю аб выдзяленні крэдыту

Місія Міжнароднага валютнага фонду працягне перамовы з уладамі Беларусі аб магчымасці выдзялення стабілізацыйнага крэдыту. Аб гэтым БелаПАН паведамілі ў беларускім прадстаўніцтве МВФ. Місія МВФ па пытанні выдзялення стабілізацыйнага крэдыту пад кіраўніцтвам пастаяннага прадстаўніка гэтай фінансавай арганізацыі ў Расіі Невена Матэса працуе ў Мінску з 27 кастрычніка і, як меркавалася раней, павінна была завяршыць сваю працу 6 лістапада. Місія фонду прадоўжыць дыскусіі з уладамі краіны на наступным тыдні. Для ўдзелу ў кансультацыях у складзе місіі 8 лістапада ў Мінск прыбывае намеснік дырэктара Еўрапейскага дэпартамента МВФ Юха Каконен, паведамілі ў офісе МВФ у Мінску. З просьбай выдзеліць рэзервовы крэдыт у памеры 2 млрд. долараў ЗША да МВФ у канцы кастрычніка звярнуўся Нацбанк Беларусі.  У галоўным банку краіны сцвярджаюць, што крэдыт неабходны для папаўнення золатавалютных рэзерваў. У кіраўніцтве МВФ пацвярджаюць інфармацыю аб звароце Беларусі ў фонд і зазначаюць, што сусветны фінансавы крызіс негатыўна адбіўся на беларускай эканоміцы і яе доступе да знешніх крыніц фінансавання. У той жа час змяненні ўмоў гандлю негатыўна паўплывалі на плацёжны баланс краіны. Пры гэтым памер магчымага крэдыту фондам пакуль не вызначаны. Нагадаем, стабілізацыйны крэдыт у памеры 2 млрд. долараў Беларусі ў адказ на яе просьбу таксама выдзеліць Расія.
БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі