Мітынг ля сейма Літвы скончыўся беспарадкамі

Пасля завяршэння дазволенай акцыі частка пратэстоўцаў так і не разышлася, пачаліся беспарадкі​ / lrt.lt
Пасля завяршэння дазволенай акцыі частка пратэстоўцаў так і не разышлася, пачаліся беспарадкі​ / lrt.lt

Больш за 20 чалавек былі затрыманыя ў ноч на сераду ля будынка сейма Літвы, паведаміў Дэпартамент паліцыі пры МУС краіны.

"Затрыманыя і змешчаны ў арыштанцкую 26 чалавек. У дачыненні да іх трэба будзе прыняць рашэнне аб меры стрымання", — гаворыцца ў паведамленні, якое цытуе ТАСС.

Мітынг супраць абмежавальных мер для непрышчэпленых ад COVID быў санкцыянаваны. Але ён павінен быў скончыцца ў 17.00. Днём ля сейма стаялі некалькі тысяч чалавек. Аднак вечарам частка людзей так і не разышлася. Некалькі сотняў пратэстоўцаў спрабавалі блакаваць сейм, не выпускалі дэпутатаў. Адбыліся сутыкненні з паліцыяй. У выніку пацярпелі каля 10 паліцэйскіх.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ўвечары са сваёй старонцы ў Facebook звярнуўся да пратэстоўцаў і нагадаў, што "дэмакратыя — не анархія, а свабода пратэставаць не з'яўляецца свабодай прымяняць гвалт".

Па факце арганізацыі беспарадкаў літоўская паліцыя пачала следства. Як заявіў генеральны камісар Рэнатас Пажэла, арганізатараў чакае сур'ёзнае пакаранне. Каля дзвюх гадзін ночы паліцыя вызваліла тэрыторыю каля сейма ад пратэстоўцаў.

Падставай для пратэстаў стаў намер урада Літвы істотна абмежаваць правы непрышчэпленых грамадзян. Калі рашэнне будзе прынята, то з 13 верасня яны не змогуць карыстацца грамадскім транспартам, наведваць медустановы і некаторыя крамы, карыстацца паслугамі, дзе патрабуецца непасрэдны кантакт. Урад можа прыняць абмежавальныя меры ўжо сёння.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі