Міжнародная тытунёвая карпарацыя працягвае супрацоўнічаць з Алексіным

Бізнесмен Аляксей Алексін / tut.by
Бізнесмен Аляксей Алексін / tut.by

Кампанія "Энерга-Оіл" з 2019 года мае ліцэнзію на вытворчасць брэндаў цыгарэт, якія належаць міжнароднай карпарацыі Philip Morris International. Таксама гэта кампанія да канца 2020-га і імпартавала прадукцыю Philip Morris у Беларусь. Але цяпер, мяркуючы па ўсім, цалкам перайшла на ўласную вытворчасць.

За кампаніяй "Энерга-Оіл" стаіць бізнесмен Аляксей Алексін, якога лічаць набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі і яго сям'і. Еўрарадыё пацікавілася ў Philip Morris International пра планы працы з фірмай "кашалька Лукашэнкі".

"Philip Morris International праводзіць пастаянны маніторынг матэрыялаў адносна дзейных санкцый і перакананая, што супрацоўніцтва з "Энерга-Оіл" не ёсць парушэннем якога-небудзь санкцыйнага рэжыму", — такі кароткі каментар Еўрарадыё атрымала ад карпарацыі.

Санкцыі ў дачыненні да Алексіна і праўда пакуль не прынятыя — кажуць, што з мінулага спіса яго выкраслілі ў апошні момант па ініцыятыве Латвіі, дзе ў яго сына ёсць некалькі бізнесаў. Але яго называюць адным з магчымых "кандыдатаў" на ўключэнне ў чацвёрты пакет еўрапейскіх санкцый.

Аднак нават у выпадку ўвядзення санкцый супраць Алексіна "Энерга-Оіл" можа і не выглядаць у вачах PMI "таксічным актывам": бізнесмен перапісаў долі ў сваіх кампаніях на сыноў. Аднак калі санкцыі будуць уведзеныя супраць канкрэтнай юрыдычнай асобы (як у выпадку з кампаніяй Synesis), то супрацоўніцтва павінна быць спыненае. Адпаведна, у Беларусі знікнуць некаторыя тытунёвыя брэнды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі