МНС: Наступстваў ад штуршкоў у Гомелі не зафіксавана
Наступстваў ад падземных штуршкоў у Гомелі не зафіксавана. Пра гэта паведаміў БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства надзвычайных сітуацый Віталь Навіцкі. Ён растлумачыў, што паступіла некалькі званкоў ад грамадзян, занепакоеных падземнымі штуршкамі, якія яны адчулі сёння ноччу.
"Ніякіх наступстваў ні ў абласным цэнтры, ні ў цэлым па Беларусі не зафіксавана", – падкрэсліў Віталь Навіцкі.
Нагадаем, што ў Румыніі ў ноч на 24 верасня адбыўся землятрус, хвалі якога дайшлі і да Беларусі.
Па дадзеных Геалагічнай службы ЗША, магнітуда землятрусу склала 5,6. Яго эпіцэнтр размяшчаўся ў шасці кіламетрах на захад ад румынскага горада Нерэжу, ачаг залягаў на глыбіні 88 кіламетраў.
Моцныя падземныя штуршкі адчулі жыхары некалькіх рэгіёнаў Украіны – Кіеўскай, Адэскай, Вінніцкай, Чарнавіцкай абласцей.
Паведамленняў пра ахвяраў ці моцныя разбурэнні ў іншых краінах пакуль таксама няма.