МНС правярае інфармацыю пра перавышэнне нормы радыенуклідаў у малацэ
Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пачаў праверку пасля публікацыі пра перавышаныя нормы радыенуклідаў у малацэ з Хойніцкага раёна. Матэрыял быў апублікаваны агенцтвам Асашыэйтэд Прэс.
Аб праверцы агенцтву БелаПАН паведаміў першы намеснік начальніка дэпартамента Анатоль Загорскі.
У матэрыяле Асашыэйтэд Прэс паведамлялася, што на гомельскае прадпрыемства "Мілкавіта" паступае радыяцыйнае малако. Праверка на радыенукліды ў Мінскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, паведамляў журналіст Юрась Карманаў, паказала дзесяціразова перавышаную норму ўтрымання стронцыю-90.
У Мінскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі гэтыя звесткі абвяргаюць. Там кажуць, што па ўтрыманні цэзію-137 малако адпавядала норме, а вымярэнне на стронцый-90 не праводзілася з прычыны малой колькасці дастаўленага аб'ёму малака. Недакладнай назвалі публікацыю і ў кампаніі "Мілкавіта".
Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС зрабіў запыты пра ферму ў Гомельскім аблвыканкаме. Таксама прадстаўнікі МНС звярнуліся па тлумачэнні на прадпрыемства "Мілкавіта" і ў лабараторыю, дзе даследавалася малако.
Адказ, па словах Загорскага, прыйшоў толькі з "Мілкавіты". Кампанія заявіла, што ў іх арганізаваны жорсткі кантроль ўтрымання радыенуклідаў у малацэ і малочных прадуктах, а перавышэння ўтрымання радыенуклідаў у прадукцыі няма.