"Мост цэлы?" — жыхары Керчы ў анэксаваным Крыме паведамляюць пра выбухі
Керчанскі мост, ілюстрацыйнае фота
Жыхары Керчы ў анэксаваным Крыме паведамлялі ўначы пра серыю выбухаў. Рэсурс Astra публікуе перапіску з мясцовага пабліка, дзе людзі пішуць, што "першы раз так моцна страшна стала". Яшчэ адзін удзельнік чата задаецца пытаннем: "Мост цэлы? Так грукацела, што бяруць сумневы". Рух па Керчанскім мосце сапраўды на час перакрывалі, але пазней ён быў адноўлены.
Прадстаўнік мясцовых уладаў Алег Кручкоў заявіў у сацсетках, што "падчас адбіцця варожай атакі па аб'ектах транспартнай інфраструктуры горада Керч ад абломкаў збітых ракет пацярпелі два паромы — аўтамабільны і чыгуначны". Паводле яго, пашкоджанае шкленне надбудоў. Ахвяр няма. Пасля ацэнкі пашкоджанняў праца паромнай пераправы, дадаў ён, будзе адноўленая.
Паводле звестак расійскага Мінабароны, над акваторыяй Азоўскага мора мінулай ноччу былі знішчаныя 8 ракет ATACMS, а над акваторыяй Чорнага мора перахопленыя 8 беспілотнікаў. Акрамя таксама ў Чорным моры былі "знішчаныя два безэкіпажныя катэры, якія рухаліся ў кірунку Крымскага паўвострава".
Ракетную атаку мінулай ноччу перажылі і жыхары некалькіх украінскіх гарадоў. Толькі па Харкаву і вобласці расіяне выпусцілі мінулай ноччу восем ракет, паведамляе кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінегубаў. Па словах мэра Харкава Ігар Церахава, быў удар па адным з аб'ектаў крытычнай інфраструктуры. Вядома пра чатырох пацярпелых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.