Мультфільм "Паток" знялі з паказу ў Беларусі

Кадр з мульфільма "Паток" / Dream Well Studio, Sacrebleu Productions, Take Five
Латвійскі мультфільм "Паток" знялі з паказу ў Мінску. Раней гэтага патрабавалі аўтары анімацыйнай стужкі, якая сёлета атрымала прэмію "Оскар". Яны падкрэслівалі, што паказы мультфільма ў Беларусі і Расіі адбываюцца нелегальна.
Апошнія дні фільм паказвалі толькі у адным сталічным кінатэатры — Skyline Cinema у гандлёвым цэнтры Galileo. Паказы адбываліся тры-чатыры разы на дзень, квіткі каштавалі ад 14 рублёў. Згодна з афішай мультфільм мусілі дэманстраваць да 19 сакавіка, але 17 сакавіка ён знік з сайта кінатэатра, заўважыла Радыё Свабода.
Наведнікам патлумачылі, што "магчыма, стужка яшчэ вернецца на экраны праз некалькі дзён, але пэўнасці ў гэтым няма". Прычыны такога рашэння не назвалі. Пра гэта журналістам расказаў чалавек, які планаваў бліжэйшым часам пайсці на паказ мультфільма.
Раней мультфільм "Паток" у Беларусі паказвалі таксама ў мінскіх кінатэатрах "Цэнтральны" і Falcone.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.