МУС: Пачалі складаць пратаколы, але зразумелі, што гэта журналісты, і не сталі

МУС: Пачалі складаць пратаколы, але зразумелі, што гэта журналісты, і не сталі

Вулічная акцыя, прымеркаваная да 19-х угодкаў рэферэндуму 1996 года, прайшла 24 лістапада. Прайшла мірна і спакойна: нікога не затрымалі, але традыцыйна склалі пратаколы на арганізатараў і пару-тройку актывістаў. Найперш на тых, хто меў пры сабе нацыянальную сімволіку.

Але нечакана пратаколы склалі нават на журналістаў! Прычым дадзеныя міліцыянеры перапісвалі не з пашпартоў, а з… журналісцкіх пасведчанняў!

“Калі ўжо закончылася акцыя, міліцыянеры пачалі масава складаць пратаколы ў тым ліку і на праваабаронцаў, — распавядае журналістка “Радыё Свабода” Галіна Абакунчык.Мы падыходзілі і пыталіся ў гэтых людзей іх імёны і нумары тэлефонаў — каб пазней можна было даведацца пра іх лёс. У адну з такіх хвілін да мяне падышоў міліцыянер і папрасіў маё пасведчанне. Я яму пасведчанне паказала, і ён адразу дастаў планшэт і пачаў задаваць пытанні: як імя па бацьку, год нараджэння, месца жыхарства і гэтак далей. Я перапытала: “Навошта вам гэтыя звесткі і што вы пішаце?” Ён кажа: “Складаю пратакол”. “Пратакол за што?” — “За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі”. Я пытаюся: “І як я брала ўдзел?” — “Вы ішлі вуліцай”. Тое, што я ішла вуліцай і выконвала сваю працу, яго не супакоіла і не пераканала, што гэта не мае дачынення да ўдзелу”.

Я як сведка, які таксама “ішоў вуліцай” і выконваў свае прафесійныя абавязкі па асвятленні падзеі, скажу: ні нацыянальнай сімволікі ў руках Галіны Абакунчык не было, ні лозунгаў яна ніякіх не крычала, ні міліцыянераў за рукавы формы не хапала — проста працавала. Тым не менш, пратакол быў складзены, а Галіну супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Мінска папярэдзіў: “Вас выклічуць”. Куды і калі, міліцыянер не ўдакладніў.

І адразу перанакіраваў сваю ўвагу на журналістку “Народнай волі” Кацярыну Андрэеву, якая здымала на тэлефон працэс складання пратакола на Галіну Абакунчык.

Кацярына Андрэева: “Мне сказалі: “Пакажыце ваш дакумент”, і я паказала ім бэйдж-пасведчанне “Народнай волі”, які вісеў у мяне на паліто — каб быў бачны. Яны запісалі імя і прозвішча і пачалі пытацца дату нараджэння, але тут я сказала, што на маім бэйджыку ёсць уся неабходная ім інфармацыя і нічога больш я ім казаць не збіраюся — павярнулася і пайшла адтуль”.

МУС: Пачалі складаць пратаколы, але зразумелі, што гэта журналісты, і не сталі

Яны пачалі складаць, але потым зразумелі, што журналісты, і ў дачыненні да іх пратаколы не былі складзеныя

Кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі

Па словах дзяўчыны, наўздагон міліцыянер сказаў, што позва ў суд ёй прыйдзе. 

Склалі пратакол і на журналіста газеты “Новы Час” Дзмітрыя Галко. Што праўда, кажа Дзмітрый, быў ён на акцыі не як журналіст, а як перакладчык амерыканскага карэспандэнта Al Jazeera. Але ж усё адно ў акцыі ён удзелу не браў. Ніякай сімволікі, знічак ці кветак.

Дзмітрый Галко: “Пасведчанне паказваў журналіст — карэспандэнт Al Jazeera Брэндан Хофман. Які ледзь не 10 разоў паўтарыў таму міліцыянеру: “Мы тут працуем, а вы нам перашкаджаеце. Гэты чалавек — мой перакладчык. Вось мая акрэдытацыя, маё пасведчанне — патлумачце, што вы робіце і чаму?” Такім чынам, ён засведчыў, што я тут працую. Але сэнсу ў гэтым ніякага не было — міліцыянер не рэагаваў абсалютна ніяк”.

Што гэта было? З гэтым пытанне Еўрарадыё звяртаецца да кіраўніка прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Ластоўскага. Аказваецца, на журналістаў… ніякіх пратаколаў у выніку так і не склалі!

Аляксандр Ластоўскі: “Супрацоўнікі сказалі, што пратаколы не былі складзеныя. Яны пачалі складаць, але потым зразумелі, што журналісты, і ў дачыненні да іх пратаколы не былі складзеныя”.

На самай справе даволі цяжка, складаючы пратакол не па пашпарце, а па журналісцкім пасведчанні, не здагадацца, што перад табой менавіта журналіст. Тым не менш, журналісты, на якіх пратаколы нібыта не склалі, раяць пачакаць і паглядзець, ці прыйдзе ім позва ў суд.

Фота: Змітра Лукашука, http://www.svaboda.org/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі