Муж кіроўцы BMW, якая сутыкнулася з картэжам: Здароўе аднавілася, яна дома

З моманту ДТЗ на шашы Орша-Магілёў мінула больш за месяц. Здарэнне прагрымела на ўсю краіну, бо, хутчэй за ўсё, Ганна В. сутыкнулася з картэжам, у якім ехалі супрацоўнікі Службы аховы прэзідэнта. Гэтую інфармацыю так ніхто і не абверг. Два чалавекі з мікрааўтобуса “Мэрсэдэс” тады атрымалі цяжкія траўмы і трапілі ў рэанімацыю. Перанеслі складаныя хірургічныя аперацыі.

Які сёння стан здароўя ў пацярпелых — не паведамляецца. Як тлумачаць у Следчым камітэце, такая інфармацыя адносіцца да сферы прыватнага жыцця. Сёння па крымінальнай справе праводзіцца комплекс следчых і працэсуальных дзеянняў.

“Здароўе жонкі ўжо аднавілася. Яна цяпер дома, у адпачынку, — апавядае Міхаіл, муж Ганны В. — Следства, наколькі нам вядома, будзе працягвацца каля двух месяцаў. Я так разумею, як толькі будзе нейкая новая інфармацыя, мы яе атрымаем”.

Сярод заяўленых экспертыз, відаць, найважнейшая — гэта аўтатэхнічная. Яна павінна даць дэталёвы адказ, як менавіта здарылася аварыя.

Нагадаем, што гучнае ДТЗ з удзелам легкавога “БМВ” і мікрааўтобуса “Мэрсэдэс” з картэжу здарылася на шашы Орша-Магілёў 5 ліпеня. Відэарэгістратар запісаў, як “БМВ”, якім кіравала Ганна В., раптоўна выскачыў пад мікрааўтобус. Як стала вядома Еўрарадыё, у легкавіку ехалі двое малых дзяцей. Але, дзякуй богу, ніхто з пасажыраў “БМВ” не атрымаў сур’ёзных траўм.

А вось кіроўца мікрааўтобуса і тры пасажыры, якіх ён вёз, пацярпелі даволі моцна. Два чалавекі перанеслі складаныя хірургічныя аперацыі.

Справа была распачатая па ч. 2 арт. 317 крымінальнага кодэксу —“Парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання”. Мінімальная санкцыя па згаданым артыкуле — папраўчыя працы. Максімальная — пяць гадоў пазбаўленння волі. Таксама Ганну В., калі яе вінаватасць дакажуць, хутчэй за ўсё, чакаюць грамадзянскія іскі аб аплаце лячэння пацярпелых і аб маральнай кампенсацыі.

Як высветліла Еўрарадыё, 23-гадовая Ганна В. аказалася законапаслухмянай жанчынай, маладой мамай. Яна працуе майстрам на адным з харчовых прадпрыемстваў. Вадзіцельскі стаж Ганны меншы за два гады. Яе блізкія пасля ДТЗ выказалі меркаванне, што бяда здарылася з-за дрэннага агляду на дарозе (на іх думку, перашкаджаў падняты аўтамабілямі пыл). Таксама недасведчаную кіроўцу, як яны лічаць, мог збянтэжыць картэж, які рухаўся на хуткасці, блізкай да 130 км/г (спецмашынам гэта дазволена). Блізкія перакананыя, што Ганна не магла ехаць неакуратна, бо везла у салоне дваіх малых дзяцей (усяго ў машыне было шэсць чалавек).

У той жа час вядомы беларускі аўтаэксперт Аляксандр Канапліцкі, прагледзеўшы запіс з відэарэгістратара, выказаўся, што ў кожным разе ў ДТЗ вінаватая кіроўца “БМВ”. Менавіта яна выехала на сустрэчную. Здарыцца гэта магло з-за таго, што Ганна В. празявала дыстанцыю і несвоечасова затармазіла. Пры наездзе правымі коламі на абочыну кіроўца магла інстынктыўна крутануць руль улева і выскачыць на сустрэчную пад “Мэрсэдэс”. Гэтае ДТЗ Канапліцкі параўнаў са здарэннем, у якім загінуў Пётр Машэраў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі