Муж Насці Рыбкі пра Бабруйск, ганьбу, і пра тое, ці можна верыць жонцы
Фота са старонкі Насці Рыбкі ва "Вконтакте"
8 лютага на YouTube-канале расійскага палітыка Аляксея Навальнага выходзіць чарговае скандальнае карупцыйнае расследаванне. Дзяўчына з Бабруйска, якая называе сябе Насця Рыбка, сама таго не ведаючы, "дапамагла" раскрыць "карупцыйныя схемы Крамля". А менавіта — сувязь расійскага алігарха Алега Дзерыпаскі і віцэ-прэм'ера Расійскай Федэрацыі Сяргея Прыходзькі. Навальны сцвярджае, што чыноўнік і алігарх разам з дзяўчатамі з эскорт-агенцтва каталіся на яхце ля берагоў Нарвегіі ў жніўні 2016 года. Менавіта дзякуючы Інстаграму Насці Рыбкі і яе кнізе "Дзённік па спакушэнні мільярдэра, або клон для алігарха" камандзе Навальнага ўдалося выйсці на гэтую гісторыю.
Еўрарадыё адшукала ў Бабруйску мужа Насці Рыбкі (прынамсі, ён сам сябе так называе). Мікалай Вашукевіч (сапраўднае прозвішча Насці Рыбкі) распавёў пра тое, як яны жылі ў Бабруйску і чаму раз'ехаліся.
Па словах Мікалая, Насця скончыла Мазырскі педагагічны універсітэт. У Бабруйску дзяўчына працавала менеджарам па продажах "і вельмі шмат чытала". З'ехала ў Маскву каля двух гадоў таму. Чым дзяўчына займалася ў Маскве, Мікалай не ведае. Звязвае ўсё, што цяпер адбываецца, з яе кніжкай "Дзённік па спакушэнні мільярдэра".
Мікалай Вашукевіч: "Гэта ўсё кніжка, яе кніжка. У яе проста маці памерла. Мы жылі, усё было ў парадку. А потым ёй проста захацелася напісаць кнігу. У Маскве яна яе напісала. У яе наогул не было сябровак. Адна засталася. У яе толькі мама была, і ўсё, больш нікога не было. Можа, на гэтай глебе адзіноты яна так... Але я быццам бы ўсё гэта кампенсаваў".
Муж запэўнівае, што словы Навальнага пра эскорт-паслугі — няпраўда. Пра гэта ён кажа некалькі разоў. Праўда, чым Насця займалася ў Маскве, ён таксама не ведае.
Еўрарадыё: А як яна пазнаёмілася з Алегам Дзерыпаскам?
Мікалай Вашукевіч: Можа, захацела, можа, мужчына спадабаўся. Можа, працавала ў яго неяк. Я да ўсяго гэтага адмоўна стаўлюся. Усё гэта з-за кнігі. Але я яе не чытаў, не ведаю.
У адным з інтэрв'ю Насця Рыбка называе Мікалая "былым мужам". Мікалай кажа, што па законе яны яшчэ жанатыя.
Мікалай Вашукевіч: Ну, як бы развяліся... Як бы развяліся, але яна анулявала рашэнне суда.
Пасля скандалу асабліва не размаўлялі, "толькі спасылкі адзін аднаму перакідвалі, і ўсё". Цяпер Мікалай перажывае за сваё прозвішча
Мікалай Вашукевіч: Гэта ж маё прозвішча. Ганьба, блін. Аж прама не ведаю ... Я цяпер за прозвішча сваё цярплю. Мне яшчэ ў мінулым годзе тэлефанавалі з расійскага тэлебачання, да Малахава клікалі. Грошай прапаноўвалі. Але я не захацеў размаўляць. Але тое, што эскорт-паслугі, гэта няпраўда.
У адным з інтэрв'ю Насця Рыбка сцвярджае, што пасля яе пераезду ў Маскву "былы муж" не пусціў яе ў кватэру, сказаў, што дзіця яна больш не ўбачыць.
Мікалай Вашукевіч: "Нууу, гэта не тая гісторыя... Не так гэта ўсё было".
Як там было на самой справе, Мікалай не кажа. Але запэўнівае, што "Насця мае да сына доступ без праблем".
Мікалай Вашукевіч: "Сын нармальны хлопец, усё разумее. Насця мае да яго доступ без праблем. Ці мае, але чамусьці не з'яўляецца. Можа, дзеля бяспекі. Усё, што яна кажа — гульня".
У сваёй кнізе Насця Рыбка піша, што яна нібыта "была ў апазіцыі на Хартыі і нават адседзела нейкі час у турме КДБ".
Мікалай Вашукевіч: "Так, быў момант, больш за суткі яна там правяла... Не ведаю, за што. Але такое было, потым яна ўцякла ў Маскву".
Еўрарадыё: Ці не думаеце, што пасля такога скандалу ў Анастасіі могуць пачацца праблемы?
Мікалай Вашукевіч: "Блін, ну так, я перажываю. Каб не прывяло гэта да сям'і, да нашай сям'і. А яна хай там робіць што хоча. Няхай забаўляецца. Калі гэта для яе важна, то няхай робіць што хоча. Мне, шчыра кажучы , усё адно. Кожны чалавек павінен рабіць тое, што хоча, правільна? Каб жыццё прайшло не дарэмна".
Пасля таго, як расследаванне Навальнага абляцела інтэрнэт, Рыбка выклала ў Інстаграм два відэа. Дзяўчына сцвярджае, што ўсё тое, што адбылося на яхце Дзерыпаскі, было групавым гвалтам. А на сваёй старонцы "Вконтакте" дзяўчына падзякавала Аляксею Навальнаму словамі "Дзякуй, малыш" і дадала, што яе не хваляваў наклад кнігі. Таксама яна згадала, што Пуцін кнігу ўжо чытаў.