Мужчына з бензапілой напаў на людзей у ГЦ "Еўропа", ёсць ахвяры

Мужчына з бензапілой напаў на людзей у ГЦ "Еўропа", ёсць ахвяры

Мужчына з бензапілой напаў на наведнікаў гандлёвага цэнтра “Еўропа” ў Мінску. Як паведамляюць у сацыяльных сетках сведкі здарэння, на месцы цяпер працуе міліцыя.

Паводле інфармацыі партала TUT.by, пацярпела дзяўчына, якая ляжала ў крыві ў холе на першым паверсе.

Адзін чалавек затрыманы.

Карыстальнік Твітэр @sirenksa паведамляе іншыя падрабязнасці здарэння: нападнік быў мужчына ў масцы, які забег у гандлёвы цэнтр з сякерай або цесаком. Ён забег у памяшканне, ударыў некага з наведнікаў і пабег далей.

TUT.by паведамляе са спасылкай на супрацоўніцу адной з кавярняў у ГЦ, мужчын было двое. Супрацоўнікі і госці кавярні ўбачылі, як па калідоры бяжыць натоўп людзей, а за імі гоніцца мужчына ў масцы з сякерай.

Пазней высветлілася, што двое мужчын увайшлі ў цэнтр праз бакавы ўваход. Адзін напаў з бензапілой на дзяўчат, якія сядзелі каля піцэрыі.

Прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі паведаміў, што нарад міліцыі затрымаў дваіх падазраваных у забойстве. Радыё Свабода паведамляе, што забітая адна жанчына.

Ахвярай нападніка ў ГЦ “Еўропа” стала жанчына-прадавец, якая на нейкі час адышла ад свайго гандлёвага пункту “набыць калготкі”. Пра гэта парталу Onliner.by распавялі відавочцы здарэння.

Паводле інфармацыі адной са сведак, у цэнтр увайшоў мужчына, у руках якога была працуючая бензапіла. “Псіхічна хворы нейкі. Ён накінуўся на першага-лепшага чалавека і адрэзаў ёй галаву”, — распавяла дзяўчына.

Пасля гэтага агрэсар кінуў пілу і схапіў сякеру. На яго накінуліся наведнікі, павалілі і сталі біць, пакуль не прыехала міліцыя.

Адзін з супрацоўнікаў ГЦ “Еўропа” паведаміў TUT.by  падрабязнасці затрымання неадэкватнага мужчыны. Суразмоўца карэспандэнта партала распавёў, што выйшаў з прыбіральні, калі заўважыў паніку. Па яго словах, па цэнтры бег чалавек з сякерай і газавым балончыкам. Хлопцы з іншых крамаў замахваліся на яго крэсламі і кідалі сметніцы, спрабуючы спыніць.

“Я заўважыў, што ён па лесвіцы збіраецца бегчы да выхаду, я хутчэй спусціўся па эскалатары і перахапіў яго. Ударыў пару разоў і скруціў. Падбеглі іншыя хлопцы і дапамаглі. Прах пару хвілін з’явіліся супрацоўнікі міліцыі і забралі нападніка”, — распавёў супрацоўнік гандлёвага цэнтра, які назваўся Аляксандрам.

Ён таксама сказаў, што агрэсар быў славянскай знешнасці і не супраціўляўся затрыманню.

Гандлёвы цэнтр "Еўропа" пасля інцыдэнту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі