Музыка Алесь Таболіч не сабраў 100 тысяч подпісаў і зняўся з выбараў
Алесь Таболіч / Еўрарадыё
Музыка і тату-майстар Алесь Таболіч паведаміў на старонцы ў "Фэйсбуку" пра тое, што здымае сваю кандыдатуру з перадвыбарнай гонкі. Ён прызнаўся, што не сабраў неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты 100 тысяч подпісаў.
"Але па шчырасці, дастатковую колькасць сабралі ўсяго некалькі кандыдатаў, астатнім дапамагаюць іх куратары, каб мець для ўлады спойлераў. Усе мы іх ведаем", — падкрэсліў Таболіч.
Музыка кажа пра тое, што заўсёды прыцягваў увагу да адраджэння нацыянальнай культуры Беларусі і будзе працягваць гэтым займацца. На выбарах ён падтрымае кандыдата з падобнай пазіцыяй "па захаванні і абароне незалежнасці і Беларусі, па зберажэнні традыцый і нацыянальных каштоўнасцей".
"На жаль, не ўсе кандыдаты ў прэзідэнты мелі выразную пазіцыю па пытаннях незалежнасці, суверэнітэту і нацыянальнай ідэі. Спрабуючы спадабацца з усіх бакоў, многія забываюць, што Беларусь — гэта не фірма, а яе незалежнасць і суверэнітэт не могуць быць прадметам гандлю і ставіцца пад пагрозу. Не абапіраючыся на шматвяковую гісторыю, на нацыянальны падмурак — нельга пабудаваць будучыню", — упэўнены Таболіч.
Ён лічыць, што завядзенне крымінальных спраў у дачыненні да Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага, а таксама адміністрацыйных спраў за ўдзел у пікетах робіць немагчымым правядзенне справядлівых выбараў. Таболіч заклікае ўсіх кандыдатаў "сесці за стол перамоваў, каб спакойна і мудра абмеркаваць праблемы, што наспелі ў грамадстве".
Нагадаем, раней ад удзелу ў выбарах адмовіліся Алег Гайдукевіч, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, і сябра асацыяцыі грузаперавозчыкаў "Рэгіён 8" Наталля Кісель.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.