МВФ палепшыў прагноз росту сусветнай эканомікі
Галоўнай пагрозай глабальнай стабільнасці застаецца эскалацыя вайны ва Украіне, кажуць у МВФ / Reuters
МВФ палепшыў прагноз росту сусветнай эканомікі на гэты год. Чакаюць, што па выніках 2023 года сусветны ВУП павялічыцца на 2,9% — гэта на 0,2 п.п. больш, чым чакалі ў кастрычніку. Абноўлены даклад МВФ аб перспектывах развіцця сусветнай эканомікі быў апублікаваны напярэдадні.
У МВФ адзначаюць, што дынаміка эканамічнага стану многіх краін прынесла "пазітыўныя сюрпрызы" і прадэманстравала "нечакана высокую ўстойлівасць". Так ВУП Кітая, як чакаецца, у 2023 годзе вырасце на 5,2 працэнта. Такі рост аналітыкі тлумачаць адмовай Пекіна ад жорсткіх кавідавых абмежаванняў. Эканоміка Індыі, паводле прагнозу МВФ, вырасце ў гэтым годзе на 6,1 працэнта, а ў наступным — на 6,8 працэнта. У ЗША гэтыя паказчыкі меркавана складуць 1,4 і 1 працэнт, адпаведна.
Палепшыўся прагноз і для Расіі. Раней эксперты МВФ пісалі пра магчымы спад расійскага ВУП у 2023-м на 2,3 адсотка. Цяпер змянілі прагноз на рост на 0,3 адсотка. У 2024 годзе паскарэнне росту эканомікі РФ чакаюць да 2,1 працэнта.
У цэлым у 2024-м эксперты фонду чакаюць рост сусветнай эканомікі на 3,1%. Абодва паказчыкі, гэтага і наступнага года, не дацягваюць да велічынь дакавідавых часоў. Сусветная эканоміка ў 2000-2019 гады расла ў сярэднім на 3,8% у год. Галоўнай пагрозай глабальнай стабільнасці, якая можа прывесці да дэстабілізацыі энергетычных або харчовых рынкаў і далейшай фрагментацыі сусветнай эканомікі, застаецца эскалацыя вайны ва Украіне, адзначылі ў МВФ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.