“Мы хочам практычна паказаць, як робяцца цікавыя рэчы на кампутарах”

 120723 GlebS.mp3

Еўрарадыё: Для чаго вы набываеце старыя кампутары?

Глеб Кануннікаў: Справа ў тым, што шмат для каго старыя кампутары і пачатак кампутарнага мастацтва, кампутарнай графікі, 8-бітавая музыка, піксель-арт  -  шмат для каго ўсё гэта пачыналася менавіта на такіх старых кампутарах. Як ні дзіўна, шмат хто працягвае займацца гэтымі відамі мастацтва ва ўмовах вельмі абмежаваных кампутарных рэсурсаў яшчэ і сёння. Мы паспрабуем паглядзець, як жа выглядалі гэтыя кампутары, якія на іх былі абмежаванні, паглядзім на гульні і відэакліпы, аўдыяролікі, якія рабіліся на тых кампутарах. Паглядзім таксама на практычным прыкладзе, як можна рабіць графіку для такіх кампутараў.  Мы хочам таксама распавесці пра такі феномен, як дэма-рух, дэма-сцэны, калі людзі збіраюцца і дзеляцца нейкімі напрацоўкамі, праграмамі, якія яны зрабілі. Мы хочам менавіта практычна паказаць, як робяцца розныя цікавыя рэчы на кампутарах. Можна будзе самім паспрабаваць, можна будзе пагуляцца ў гульні,  кампутары будуць менавіта для таго, каб людзі маглі да іх дакрануцца.

Еўрарадыё: То бок, гэтыя кампутары – працоўныя?

Глеб Кануннікаў:  Абсалютная большасць таго, што будзе паказанае на выставе, будзе падключанае і будзе працаваць. Там будуць рарытэтныя кампутары МАС, NES, Commodore, легендарны Spectrum.  Наколькі хопіць у нас тэлевізараў і манітораў – усё гэта можна будзе падключыць. Так што ўсё будзе практычна і ўжывую.  Кампутарнае мастацтва зараз – гэта тое, без чаго сёння не можа жыць ні музычная, ні відэа- ні кінаіндустрыя. Цікава паглядзець,  з чаго гэта пачыналася.  Насамрэч я толькі дапамагаю тым людзям, якія і з’яўляюцца аматарамі гэтага старога жалеза і дэма-руху. Я прадстаўляю суполку meetup.by, і мы дапамагаем аматарам кампутараў і розных іншых відаў мастацтва сустракацца і арганізоўваць такія  мерапрыемствы.

Еўрарадыё: Калі ў кагосьці ёсць стары кампутар, што з ім можна зрабіць?

Глеб Кануннікаў:  Ёсць людзі, якія збіраюць кампутары. На выставе будуць арганізатары, з якімі можна будзе параіцца, што зрабіць з кампутарам, каб  захаваць яго для нашчадкаў.  На нашым сайце meetup.by  можна зарэгістравацца, задаць пытанне арганізатарам,  паведаміць, пра тое, што вы прыйдзеце на выставу, бо там не вельмі вялікае памяшканне.

Еўрарадыё: Ці будзе гэтая выстава адзінкавай, ці плануецца штосьці падобнае яшчэ?

Глеб Кануннікаў:  Яшчэ 8-10 год таму людзі, якія цікавіліся такімі кампутарамі, перыядычна сустракаліся, ладзілі спаборніцтвы.  Мы можам паспрабаваць зрабіць гэта больш-менш перыядычна, паглядзець, ці ёсць у людзей цікавасць. Калі жаданне будзе – будзем працягваць гэта арганізоўваць.

Еўрарадыё: Вы згадвалі пра дэмасцэны. Што гэта такое?

Глеб Кануннікаў:  Дэмасцэны – гэта сустрэчы відэамастакоў, аніматараў, распрацоўшчыкаў гульняў, якія робяць кароткаметражныя відэаролікі ці аўдыякліпы, што поўнасцю выкарыстоўваюць магутнасці кампутара.  Кампутары могуць быць і старымі, і сучаснымі. Сэнс у тым, што гэта не запісаны відэаролік, які кожны раз прайграецца. Робіцца менавіта відэапаслядоўнасць на мяжы магчымасцяў кампутара. Менавіта ў дэмаруху выраслі людзі, якія зрабілі найвыдатнейшыя творы відэамастацтва.  Усе сучасныя відовішчныя відэагульні паходзяць менавіта адтуль. Гэта тая кухня, адкуль выйшлі ўсе гэтыя тэхналогіі. Мы пакажам усё самае цікавае, у тым ліку дэмаролікі беларускіх вытворцаў.  Гэта будзе цікава ўсім, хто цікавіцца старымі гульнямі, відэаінсталяцыямі, кампутарнай музыкай, васьмібітнай і не толькі.

Выстава старых кампутараў  адбудзецца 28 ліпеня ў будынку Саюза дызайнераў (вул.Брылеўская, 14).  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі