“Мы займаемся сваімі справамі”: Як апазіцыя адрэагавала на дату выбараў

Першапачаткова найбольш верагоднай датай выбараў прэзідэнта Беларусі называлася 15 лістапада. 9 чэрвеня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына раптам абвясціла, што лепш бы было правесці выбары на месяц раней — 11 кастрычніка. На апошняй сесіі 30 чэрвеня Палата прадстаўнікоў амаль аднагалосна падтрымала прапанову Ярмошынай.

Кіраўнік штаба Юрыя Шульгана Паўлюк Канавальчык

“Пытанне пра змену даты намі разглядалася ад пачатку. Мы чакалі, што ўлады паспрабуюць перанесці актыўную частку кампаніі, збор подпісаў, на сезон адпачынкаў, калі людзі раз’едуцца і ім будзе не да палітыкі”.

Паплечнік Шульгана таксама заўважае, што яго каманда да выбараў гатовая ў любым выпадку і планаў не зменіць.

Сяргей Калякін, партыя “Справядлівы свет”

“Улады, безумоўна, спрабуюць наблізіць дзень выбараў, і яны пасунулі яго наперад настолькі, наколькі гэта было магчыма. Таму што, на жаль, сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне даволі складаная”.

Разам з тым Сяргей Калякін пагаджаецца, што ЦВК і дэпутаты ў дадзеным выпадку дзейнічалі згодна з беларускім заканадаўствам і абскардзіць сённяшняе рашэнне Палаты прадстаўнікоў немагчыма. Таму прыйдзецца падстройвацца пад новую дату.

Анатоль Лябедзька, патэнцыйны кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі

Лідар АГП кажа, што на працу яго каманды рашэнне дэпутатаў ніякім чынам не паўплывала — планаў сваіх Лябедзька карэктаваць не збіраецца нягледзячы ні на што.

“У нас сёння звычайны працоўны дзень. Усё распісана ў межах месяца, тыдня, дня. Таму сёння нічога незвычайнага, працуем па сваім плане, не мяняючы рытм”.

“У іх свая гульня, у нас свая”, — дадае ён.

Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік штаба Таццяны Караткевіч

“Безумоўна, нам шкада гэтага лішняга месяца. Можна было б на месяц даўжэй займацца агітацыяй, сустракацца з людзьмі”.

Дзмітрыеў таксама кажа, што вялікай нечаканасцю новая дата не стала: “Нас жа загадзя папярэдзілі”. Таму палітык перакананы, што вялікай шкоды кампаніі Караткевіч перанос даты выбараў на месяц раней не наробіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі