Мясакамбінат выйграў суд у гомельскага сайта за фота кілбасы з поўсцю
Эканамічны суд Гомельскай вобласці 26 кастрычніка вынес рашэнне на карысць мясцовага мясакамбінату, які судзіўся з "Цэнтрам рэгіянальнага развіцця ГДФ" — заснавальнікам сайта gomel.today.
Нагодай для суда стаў матэрыял, апублікаваны на сайце "Фотофакт: "Поесть и животинку погладить": на Гомельском мясокомбинате изготовили колбасу со шкурой и шерстью внутри". Сайт апублікаваў фотаздымак кавалка кілбасы, у якім відаць скуру і поўсць. Сам здымак спярша з'явіўся ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте": адзін з карыстальнікаў напісаў, што купіў такую прадукцыю, зробленую на Гомельскім мясакамбінаце.
Навіна мела больш за 20 тысяч праглядаў і шырока абмяркоўвалася ў інтэрнэце. Прадстаўнік ААТ "Гомельскі мясакамбінат" затэлефанаваў у рэдакцыю і паведаміў, што такі гатунак кілбасы не вырабляецца з 2015 года. Да таго ж, на фота не бачна этыкеткі мясакамбіната.
Аўтар фота пацвердзіў, што здымак быў зроблены летась. Але кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла падаць у суд, каб абароаніць сваю дзелавую рэпутацыю.
Як перадае Радыё "Свабода", у судзе прадстаўнік мясакамбіната заявіў, што няма доказаў таго, быццам кілбаса са скурай і поўсцю насамрэч была выпушчаная на іх прадпрыемстве.
Адказчык настойваў на тым, што іх сайт не з'яўляецца непасрэднай крыніцай інфармацыі і ацэнкі якасці прадукцыі мясакамбінату — гэта зрабіў чытач сайта.
Суд прызнаў слушнасць мясакамбіната. Цэнтр рэгіянальнага развіцця павінен надрукаваць на сайце абвяржэнне, прынесці прабачэнні і кампенсаваць мясакамбінату судовыя выдаткі ў памеры 420 рублёў. Рашэнне пакуль не набыло законную моц.
Стваральнікі сайта gomel.today плануюць абскардзіць прысуд.