МЗС Беларусі прыняў копіі даверчых грамат у кіраўніцы прадстаўніцтва ЕС (фота)
Кіраўніца прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын сёння перадала копіі даверчых грамат у беларускае Міністэрства замежных справаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС.
З новай кіраўніцай прадстаўніцтва ЕС сустрэлася намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына. Паводле паведамлення прэс-службы знешнепалітычнага ведамства, бакі абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння па лініі Мінск — Брусель.
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і ЕС былі ўсталяваныя ў жніўні 1992 года. У сакавіку 1995 года ў Бруселі было падпісана Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.
У 2008-2010 гадах паміж нашай краінай і ЕС вёўся актыўны дыялог па пошуку шляхоў нармалізацыі адносінаў. У Мінску было адчыненае Прадстаўніцтва Камісіі Еўрапейскіх супольнасцяў, якое ад снежня 2009 года стала прадстаўніцтвам ЕС. У 2009 годзе Беларусь стала паўнапраўнай краінай-удзельніцай ініцыятывы ЕС “Усходняе партнёрства”.
Фота: mfa.gov.by