МЗС Беларусі: У аварыі з паслом вінаваты, хутчэй за ўсё, расійскі кіроўца

Кіроўцам машыны пасла Беларусі ў Расіі, якая трапіла ў ДТЗ 19 лістапада, быў грамадзянін Беларусі. Пра гэта распавёў кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Мірончык: “Кіроўца, які знаходзіўся за рулём аўтамабіля Mercedes, з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Расійскімі праваахоўнымі органамі вылучана папярэдняя версія пра тое, што дарожна-транспартнае здарэнне адбылося па віне кіроўцы аўтамабіля ВАЗ. Зараз следства працягваецца. Беларускі бок гатовы і аказвае праваахоўным органам Расійскай Федэрацыі ўсё неабходнае ў гэтым выпадку спрыянне. Што датычыць кіроўцы і пасла, то сур’ёзна яны не пацярпелі, шпіталізацыі не спатрэбілася — пасол знаходзіўся на заднім сядзенні аўтамабіля і быў прышпілены падчас руху”.

Нагадаем, аварыя з удзелам машыны пасла Беларусі ў Расіі Ігара Петрышэнкі адбылася раніцай 19 лістапада каля населенага пункта Якаўлева Ярцаўскага раёна Смаленскай вобласці на трасе М1. Mercedes з дыпламатычнымі нумарамі сутыкнуўся з аўтамабілем ВАЗ-2104. У выніку аварыі загінулі дзве жанчыны (75 і 77 гадоў), пасажыркі аўтамабіля "Лада", які ад удару разарвала на часткі.

Прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства ніяк не пракаментаваў інфармацыю, быццам машына беларускага дыпламата рухалася з хуткасцю каля 200 кіламетраў у гадзіну. Па словах Дзмітрыя Мірончыка, “усе высновы ў гэтым выпадку будзе рабіць следства”.

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі