МЗС: Дыялог з Еўракамісіяй і ЗША арганізуем так, каб ён не расцягваўся
Міністэрства замежных спраў Беларусі разлічвае на актывізацыю перамоваў ў справе далучэння краіны да сусветнай гандлёвай арганізацыі.
"Дыялог з Еўракамісіяй і ЗША будзем арганізоўваць такім чынам, каб ён не расцягваўся, — цытуе словы намесніка міністра замежных спраў нашай краіны Аляксандра Гур'янава "Интерфакс-Запад". — Нам трэба сфармаваць пакрокавы план дзеянняў... Мы мяркуем, што нашыя калегі з Еўрасаюза і ЗША да гэтага гатовыя".
Гур'янаў паведаміў, што перамовы з Еўракамісіяй на ўзроўні дырэктарата мусяць адбыцца ў Брусэлі 17 чэрвеня.
Нагадаем, у сярэдзіне траўня Беларусь пасля чатырохгадовага перапынку аднавіла шматбаковыя перамовы па ўступленню ў Сусветную гандлёвую арганізацыю ў рамках рабочай групы па далучэнні, якая ўключае 41 краіну.