МЗС назвала "жахалкай" заяву пра небяспеку для ўкраінцаў паездак у Беларусь

МЗС назвала "жахалкай" заяву пра небяспеку для ўкраінцаў паездак у Беларусь

Жахалкай і выдумкай назваў прэс-сакратар беларускага МЗС заяву ўкраінскага міністра пра тое, што ўкраінцам небяспечна ездзіць у Беларусь, перадае tut.by

Як паведамляла Еўрарадыё, кіраўнік украінскай дыпламатыі Павел Клімкін заявіў, што ўкраінцам небяспечна ездзіць у Беларусь, бо тут дзейнічаюць расійскія спецслужбы. Як прыклад ён згадаў Паўла Грыба, якога затрымалі ў Беларусі і вывезлі ў Расію, а таксама журналіста Паўла Шаройку, асуджанага ў Мінску па абвінавачанні ў шпіянажы.

Каментуючы гэтую заяву, прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз адзначыў, што складваецца ўражанне, быццам украінцы цяпер пра ўсё думаюць толькі ваеннымі катэгорыямі, у тым ліку ў дачыненні да найбліжэйшага суседа, перадае tut.by. 

"Літаральна ўчора ў Вене яны намалявалі страшылкі пра нейкія танкавыя армады, якія надаюць на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Хоць прэзідэнт нашай краіны неаднаразова казаў пра тое, што адсюль могуць акупаваць толькі армады беларускіх трактароў або камбайнаў", — нагадаў беларускі дыпламат.

Заявы Клімкіна ён назваў жахалкамі і выдумкамі: "Адначасова з вуснаў згаданага спадара міністра з'явілася жахалка пра нейкія небяспекі для ўкраінскіх грамадзян. Таму няма сэнсу каментаваць гэтую, мякка кажучы, выдумку".

У якасці абвяржэння словаў Клімкіна Глаз згадаў пра 160 тысяч украінскіх уцекачоў, якія ў розны час прыбылі ў Беларусь. А таксама ён заявіў, што толькі сёлета нашу краіну наведалі 1,5 мільёна ўкраінскіх грамадзян.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі