МЗС уручыў ноту ўкраінскаму паверанаму з-за інцыдэнту з самалётам “Белавія”

МЗС уручыў ноту ўкраінскаму паверанаму з-за інцыдэнту з самалётам “Белавія”

Беларусь чакае ад украінскага боку афіцыйных прабачэнняў за прымусовае вяртанне самалёта “Белавія”. 22 кастрычніка ў Міністэрства замежных справаў быў выкліканы часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валерый Джыгун, якому ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з дзеяннямі кампетэнтных органаў Украіны па прымусовым вяртанні беларускага паветранага судна авіякампаніі “Белавія” ў аэрапорт Жуляны.

У ноце сказана, што беларускі бок чакае афіцыйных прабачэнняў, а таксама патрабуе ад Кіева кампенсацыі ўсіх фінансавых затрат і выдаткаў, выкліканых дзеяннямі ўкраінскага боку. МЗС таксама даручыла надзвычайнаму і паўнамоцнаму амбасадару Беларусі ва Украіне Ігару Сокалу ўручыць аналагічную ноту пратэсту ва ўкраінскім МЗС.

Нагадаем, што 21 кастрычніка самалёт авіякампаніі “Белавія”, які ляцеў з Кіева ў Мінск, вярнулі ў аэрапорт Жуляны з-за вядомага актывіста “Антымайдана” Армена Мартырасяна. Самалёт вылецеў з Кіева ў 15.25 згодна з раскладам, а праз 11 хвілінаў, за 50 кіламетраў да ўваходу ў паветраную прастору Беларусі яго развярнулі і загадалі ляцець назад у Кіеў пад пагрозай пад’ёму ў паветра знішчальнікаў.

У 15.55 самалёт сеў у Жулянах. Праваахоўнікі знялі пасажыра, які з’яўляецца грамадзянінам Арменіі. Пасля дазапраўкі у 16.37 лайнер вылецеў у Мінск і ўдала прызямліўся ў нацыянальным аэрапорце ў 17.33 паводле мясцовага часу.

Адметна, што затрыманы “антымайданавец” быў адпушчаны і ў 19.00 вылецеў у Мінск іншым рэйсам “Белавія”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі