На 100 тысяч беларускіх будаўнікоў, якія вяртаюцца з Расіі, — 186 месцаў?
У міліцыі чакаюць вяртання беларускіх гастарбайтараў з Расіі, але колькасць вакансій для будаўнікоў знізілася ўтрая.
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі чакае назад беларускіх гастарбайтараў, якія працавалі ў Расіі. Бо беларусаў “закранулі крызісныя працэсы”, перадае interfax.by словы кіраўніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксея Бягуна. Штогод у Расіі працуюць 100 тысяч беларускіх будаўнікоў, падлічвае дэпартамент. Спрабуем знайсці працу для 100 тысяч “зноў панаехаўшых”.
Калі я працаваў на будоўлі ў Расіі, ці знайду працу ў Беларусі?
У міністэрстве працы і сацыяльнай абароны адназначна адказаць не бяруцца. Вакансій сапраўды стала менш, а жадаючых больш. Сёння бяруць спецыялістаў: мантажнікаў, муляроў са стажам. А ў Расіі многія працавалі без афармлення.
Калі раней у цэнтрах занятасці ляжалі цэлыя спісы вакансій для падсобнікаў і рознарабочых, то цяпер такіх вакансій папросту няма. Да таго ж, цяпер наймальнік можа абіраць, таму будзе глядзець на стаж, кваліфікацыю і самога работніка — ці не выпівоха? Толькі ў Гомельскім гарадскім упраўленні працы і сацыяльнай абароны колькасць вакансій для будаўнікоў знізілася ўтрая. На гэта паўплывалі і уцекачы ад вайны ва Украіне. У Гомелі 911 такіх уцекачоў звярнуліся па працу ў цэнтр занятасці.
Каго возьмуць на працу: беларуса-гастарбайтара ці ўцекача з Украіны?
Для украінца патрэбнае жыллё, дазвол на працу ды шмат іншых папер. Беларус можа хутчэй узяцца за працу. У Гомелі 350 украінцаў працуюць, маючы дазвол. Гэта з 911, якія звярнуліся — многім не спадабаліся заробкі і ўмовы.
Дзе шукаць працу, калі толькі вярнуўся з будоўлі ў Расіі?
На сайце Мінпрацы знаходзім толькі 186 месцаў для будаўнікоў у агульным банку вакансій. Ад майстра будаўнічых і мантажных работ у Драгічыне, напрыклад, хочуць вышэйшую адукацыю. Заробкі ад 3 да 7 мільёнаў.
На іншых сайтах вакансій — толькі абвесткі ад кадравых агенцтваў. На 10 такіх абвестак толькі адзін — непасрэдны працадаўца. Але ён не можа агучыць ні канкрэтны заробак, ні калі выходзіць на працу, бо цяпер працы ніякай няма.
У тым жа Гомелі будаўнікам прапануюць перавучвацца. Бо такіх зваротаў шмат, а дакументаў аб стажы ў прыехаўшых няма. Іх накіроўваюць у групы навучання. Такі варыянт задавальняе не ўсіх. Яно і зразумела, хто захоча некалькі месяцаў вучыцца без заробку. Сярод 700 вакансій у Гомелі 80% — рабочыя прафесіі. Але доля будаўнікоў малая. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі як варыянт будаўнікам прапаноўваюць прыглядзецца да вакансій… у Літве:
“Ёсць нават вакансіі ў Літве, прапануюць тысячу долараў”.
“Вярнуўся з Расіі, у Бабруйску працы не знайшоў!”
Сямён у Расіі працаваў 5 гадоў — у Пецярбургу, Яраслаўлі і на Поўначы апошні год. Заробак 65 тысяч расійскіх рублёў — тысяча долараў. Але да дэвальвацыі быў большы:
“Заробак застаўся той жа, але атрымоўваецца зусім іншыя грошы. Сказаў, не паеду покуль заробак не павысяць. Я прарабам працаваў”.
Вярнуўся дадому, бо “хацеў нармальны заробак”. Дома перабіваецца разавымі падпрацоўкамі, пастаяннай працы знайсці не можа: “не ўсунешся”. Што рабіць, пакуль не ведае.
Фота: arkigrafico.com