На анархіста Паліенку пачалі дзве новыя крымінальныя справы
На анархіста Змітра Паліенку пачалі дзве новыя крымінальныя справы. Пра гэта ён паведаміў у лісце на волю, які размясціла ў Фэйсбуку грамадская актывістка Марына Касінерава.
"Пачалі дзве новыя крымінальныя справы. Новая 341 за графіці ў Курапатах. І 369 за абразу міністра (былога) МУС Шуневіча Ігара. Тут на Валадарцы буду яшчэ стабільна паўтара-два месяцы. Усім прывітанні", — напісаў хлопец.
Паліенку затрымалі 20 сакавіка па падазрэнні ў асабліва злосным хуліганстве. Паводле звестак міліцыі, ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы.
5 красавіка хлопцу выставілі абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства, апаганьванне збудавання і псаванне маёмасці, а таксама распальванне сацыяльнай варожасці. У апаганьванні збудавання Паліенку абвінавацілі за графіці на вуліцы Ахоцкай. 2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Паліенкі завершаная і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Аднак 16 ліпеня стала вядома, што пракуратура Мінска вярнула яго справу ў Заводскі райаддзел Следчага камітэта для дадатковага расследавання.
У выніку на анархіста пачалі дзве новыя крымінальныя справы.
Дасылаць лісты Паліенку можна на наступны адрас:
Паліенка Дзмітрый Аляксандравіч
вул. Валадарскага 2, СІЗА-1
220030
Мінск, Беларусь
Больш важных падзей у праграме "Еўразум"