На "Басовішчы" выступяць беларускія гурты, якія яшчэ не гралі ў Борыку

На "Басовішчы" выступяць беларускія гурты, якія яшчэ не гралі ў Борыку

У фестывалю "Басовішча" новыя арганізатары. Нядаўна старшынёй БАС стаў Пётр Станкевіч. Ён змяніў на пасадзе Ганну Пякарскую, якая ладзіла фестываль маладой беларускай музыкі цягам апошніх пяці гадоў. Тым не менш, абяцае новае кіраўніцтва, кардынальных змен (а па чутках, знакаміты рок-фэст можа ператварыцца ў рэйв-фестываль) сёлета чакаць не варта.


"Мы хочам зрабіць акцэнт на беларускіх гуртах, якія яшчэ не выступалі на "Басовішчы", хаця зоркі таксама будуць. Але таксама хочам шырэй адкрывацца на іншыя краіны і на замежныя гурты. Тым не менш, для беларускіх гуртоў мы не закрываемся, бо гэта па-ранейшаму найважнейшая частка праграмы", ― кажа адна з новых арганізатарак фестывалю Лідзія Пякарская.


Канцэпцыя фэсту будзе захоўвацца: удзень і увечары на сцэне будуць граць жывыя каманды, уначы на афтэпаці ― беларускія дыджэі. 


"Важна, каб наш фестываль развіваўся разам з моладдзю", ― падкрэслівае ідэю цяперашніх "Басоў" Лідзія. Таму на "Басовішчы" варта чакаць не толькі конкурс маладых выканаўцаў, але і маладыя гурты, якія ведаюць у Беларусі, але пакуль пра іх не чуваць у Польшчы.


Пра новага кіраўніка БАС Пятра Станкевіча вядома, што ён апошнія два гады быў у тройцы галоўных арганізатараў "Басовішча". Па словах Лідзіі Пякарскай, прыход Пятра станоўча паўплывае на якасць "Басовішча": у плане тэхнічным фестываль падымецца на новы ўзровень.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі