На беларусаў у Гданьску напаў мужчына з нажом — СМІ
Ілля са скрываўленым носам (злева), Косця з ранай ля скроні (справа)
У кебабнай Гданьска на беларусаў напаў мужчына з нажом. Пра гэта піша MOST са словаў саміх хлопцаў.
Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 12 лістапада. Хлопцы Ілля і Косця прыехалі ў Гданьск па справах бізнэсу і зайшлі перакусіць у рэстаран хуткага харчавання. Людзей уначы было няшмат — некалькі наведвальнікаў і каля шасці работнікаў. Беларусы замовілі кебабы і пазнаёміліся з супрацоўнікамі-азербайджанцамі. Калі яны выходзілі, кажа Ілля, іх сустрэў падазроны наведнік: "Зайшоў лысы чалавек у чорнай куртцы, тыпу скуранкі, ростам каля 180 сантыметраў. Праходзячы міма нас, ён нешта прамармытаў. Я падышоў і ў ветлівай форме перапытаў [па-польску]: "Прабачце, што вы мне сказалі?". А ён мне з нулявой секунды, без папярэджання ўдарыў ілбом у нос. Было бачна, што робіць гэта не першы раз".
Падчас скандалу мужчына, па словах Іллі выцягнуў нож — выгнуты цясак даўжынёй 20-30 см, "як з фільма "Крык". Косця паспрабаваў схапіць мужчыну ззаду, але атрымаў удар дзяржальнам нажа ў скронь. Урэшце хлопцы ўцяклі з рэстарана, у Іллі была парваная куртка. Супрацоўнікі рэстарана, паводле яго, хаваліся за стойкай і не спрабавалі выклікаць паліцыю.
Беларусы, адышоўшы ад рэстарана метраў на дзесяць, выклікалі паліцыю. Тая прыехала прыкладна праз 10 хвілін. Як кажуць, хлопцы, паліцыянты пасміхаліся, не сфатаграфавалі іх. Выклік запісалі, але нават не пацікавіліся, як выглядаў нападнік. "Гэта мы ім самі распавялі. Толькі спыталі, у які бок ён пайшоў. Сказалі, што мы можам звярнуцца ў нейкі орган, які займаецца мігрантамі", — кажа хлопец.
Журналістам MOST у кампаніі, якая валодае рэстаранам, адмовіліся пракаментаваць інцыдэнт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.