На "Беларусьфільме" будуць здымаць патрыятычныя мульцікі

Пустая зала кінатэатра / pixabay.com

Пустая зала кінатэатра / pixabay.com

Новы дырэктар кінастудыі "Беларусьфільм" Юрый Аляксей збіраецца здымаць негламурныя гісторыі і патрыятычныя мультфільмы. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю БЕЛТА. Але перш чым пачаць справу, Аляксей хацеў бы параіцца з кіраўнікамі тэлеканала АНТ і Белтэлерадыёкампаніі Маратам Маркавым і Іванам Эйсмантам.

"Мы з імі аднаго ўзросту і светаразумення, не раз перасякаліся ў працы па розных праектах. Думаю, што зможам разам абмеркаваць тэмы як зместу стваранага прадукту, так і камерцыйных вынікаў яго пракату", — сказаў Аляксей. Паводле яго слоў, у планах "Беларусьфільма" — здымкі серыялаў, якія, як ён разлічвае, будуць паказваць на галоўных тэлеканалах. Гэта будуць "негламурныя чалавечыя гісторыі".

Акрамя таго, Аляксей хоча стварыць на "Беларусьфільме" серыю патрыятычных мультфільмаў пра гімн, сцяг і герб Беларусі. "Кіно — гэта ў першую чаргу ідэалогія. Яно здымаецца не для таго, каб забаўляць, а для таго, каб трансляваць пэўныя погляды і ідэі гледачам", — перакананы новы кіраўнік кінастудыі.

Пытанне акупнасці такіх работ у інтэрв'ю не абмяркоўвалася. У самым пачатку гутаркі Аляксей заявіў, што яму бліжэй савецкае кіно, дзе "вядома, касавыя зборы, колькасць гледачоў і творчыя амбіцыі таксама былі важныя, але на першым месцы стаяла звышзадача зрабіць карціну, ад якой ком да горла падступае". Пры гэтым чытачам яго прадставілі як паспяховага мэнэджара і "крэпкага гаспадарніка". Распавялі пра тое, што, да прыкладу, з яго прыходам у "Гроднааблкінавідэапракат" ва ўсіх гродзенскіх кінатэатрах стала магчыма "не толькі паглядзець фільм, але і пасядзець у кафэ, праспяваць у караоке-клубе, заняцца спортам у трэнажорных залах, пагуляць у більярд і міні-гольф, узяць напракат ровар".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі