На беразе Заходняй Дзвіны ў Наваполацку пачалося будаўніцтва аўтазапраўкі

Грамадскасць Наваполацка занепакоена будаўніцтвам аўтазаправачнай газавай станцыі паблізу Заходняй Дзвіны.
Як паведаміў БелаПАН актывіст экалагічнага таварыства грамадскіх арганізацый "Зялёная сетка" Дзмітрый Воськін, 12 студзеня эколагі горада накіравалі запыты адносна правамоцнасці гэтага будаўніцтва начальніку Наваполацкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіміру Куксёнку і старшыні Наваполацкага гарвыканкама Наталлі Качанавай.

Паводле слоў Воськіна, будаўніцтва АЗС пачалося з дазволу Наваполацкага выканкама ў кастрычніку 2008 года. Цяпер на беразе Заходняй Дзвіны яшчэ толькі "выкапана і агароджана яміна".

Як зазначаюць эколагі, гэтая яміна знаходзіцца на адлегласці прыблізна 130 метраў ад ракі, хаця водаахоўная зона ў адпаведнасці з заканадаўствам павінна складаць не менш чым 200 метраў. Як лічаць прадстаўнікі "Зялёнай сеткі", такая блізкасць АЗС да Заходняй Дзвіны ўяўляе рэальную пагрозу хімічнага забруджвання вады ў рацэ. На іх думку, размяшчэнне АЗС таксама пагражае здароўю людзей: якраз насупраць размешчаны гарадскі пляж, а побач з ёю, на адлегласці прыкладна 15 метраў — прыпынак грамадскага транспарту.

Адказ ад чыноўнікаў эколагі чакаюць праз месяц. Яны спадзяюцца, што мясцовыя ўлады прымуць да ўвагі аргументы грамадскасці і "больш актыўнага пратэсту" не спатрэбіцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі