На блогера, які здымаў пратэрмінаваныя прадукты, пачалі "крыміналку"

Блогер здымаў на мабільнік харчовыя крамы, ілюстрацыйнае фота

Блогер здымаў на мабільнік харчовыя крамы, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы на відэаблогера, які здымаў нядобрасумленную працу прадаўцоў у мінскіх крамах. Мужчыну вінавацяць у незаконным зборы і распаўсюдзе персанальных даных.

Паведамляецца, што 32-гадовы мінчук актыўна развіваў сваю дзейнасць у Telegram і TikTok напрыканцы кастрычніка 2023-га. Ён наведваў харчовыя крамы, дзе здымаў пратэрмінаваны тавар, парушаную цэласнасць упакоўкі прадукту або недастаткова чыстую гандлёвую зону.

У адной з крамаў гандлёвай сеткі ў яго выйшаў канфлікт з 40-гадовай аператаркай крамы. Паведамляецца, што мужчына працягваў здымаць нават пасля таго, як жанчына заявіла, што не дае згоду на відэаздымкі і размяшчэнне матэрыялу са сваім удзелам у інтэрнэце. Тым не менш блогер апублікаваў відэа на сваіх старонках у сацсетках. Ён апісаў свой візіт у краму , размясціў персанальныя даныя і фота супрацоўніцы крамы. Пасты сталі папулярнымі і набралі вялікую колькасць праглядаў.

Пасля гэтага мужчына яшчэ раз наведаў краму і зняў тую ж супрацоўніцу. Яна зноў заявіла, што не згодная здымацца ў яго роліках. Тым не менш супрацоўніца крамы пасля публікацыі відэа атрымала непрыемную для сябе вядомасць.

"Жанчына сутыкнулася з абразамі ад незнаёмых мінакоў. Акрамя таго, 11-гадовая дачка мінчанкі падвергнулася булінгу ў школе ад сваіх аднагодкаў. Падлеткі абзывалі маму дзяўчынкі, паказваючы непрыемны пост школьніцы. Такая сітуацыя набыла зусім не забаўляльны характар, і пацярпелая звярнулася па дапамогу да праваахоўнікаў", — паведамляюць у Следчым камітэце.

Мужчыну знайшлі, канфіскавалі ў яго мабільнік. На яго пачалі крымінальную справу па ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных, учыненыя ў дачыненні да асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. З мужчыны ўзялі падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі