На Брэстчыне падлічылі колькасць ахвяраў на дарогах за 12 гадоў

Брэсцкае ДАІ падлічыла колькасць ахвяраў на дарогах і назвала самыя небяспечныя вуліцы абласнога цэнтру.  З гэтай статыстыкай удалося азнаёміцца карэспандэнту “Еўрарадыё” Аляксею Мурланаву:

“Як стала вядома, “чорны” спіс вуліц з’явіўся пасля падвядзення вынікаў працы абласной управы Дзяржаўтаінспекцыі за дванаццаць год.

Як паведамілі ў аддзеле прапаганды і агітацыі абласной ДАІ, за гэты тэрмін на магістралях Брэсцкай вобласці загінулі 2 997 чалавек, 11470 былі параненыя. Колькасць загінулых у здарэннях можна параўнаць з колькасцю жыхароў горада Косава Івацэвіцкага раёна.

А самымі небяспечнымі па аварыйнасці былі прызнаныя вуліцы абласнога цэнтру”.


Адкрывае “чорны” спіс брэсцкіх вуліц – Маскоўская, дзе за гэты перыяд у 254 здарэннях загінуў 31 чалавек, за ёй – вуліца Янкі Купалы, дзе ахвярамі здарэнняў сталі 14 чалавек (96 здарэнняў), за ёй вуліца Піянерская (11 загінулых, 85 здарэнняў).

Пералічаныя вуліцы з’яўляюцца цэнтральнымі транспартнымі артэрыямі Брэста з вялікім патокам аўтамабіляў, якія могуць на асобных участках разганяцца да хуткасці болей за 80 кіламетраў у гадзіну.

Акрамя “чорнага” спісу вуліц з’явіўся і яго антыпод – “белы” спіс, у якім пералічаныя вуліцы, дзе за дванаццаць год здарылася не болей за адно здарэнне, якое не пацягнула за сабой наступстваў.

Сярод гэтых вуліц – Абаронцаў Айчыны, Акімачкіна, Карвата (дарэчы, там дарожнага руху амаль няма).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі